“Пакласці вышэй адзін камень на карысць Радзімы нашай…”
У віры грамадска-палітычных падзей незаўважна мінулі ўгодкі знакавай постаці – Франца Савіча. Без перабольшвання будзе сказана, што гэта папярэднік Каліноўскага, а можа ягоная асоба значна маштабней, як мысляра.
Франц (Францішак) Андрэевіч Савіч нарадзіўся ў 1815 годзе ў сям’і ўніяцкага святара, які меў прыход у вёсцы Вяляцічы, што на Піншчыне. Паспяхова скончыў Пінскае павятовае вучылішча і паступіў у Віленскую медыка-хірургічную акадэмію.
Франц Савіч, малюнак Алены Гаеўскай, Менск, 2014 год.
“З дзяцінства, колькі сябе памятаю, мае мары былі аб свабодзе, аб Радзіме. Усе мы іх мець павінны, бо атрымалі з малаком маці, бо песня, якую спявалі ў нашых калысак, так гучала, бо дзецям старыя пра гэта распавядалі…”, – з нататкаў дзеяча.
Савіча адрознівала не толькі цяга да ведаў, неардынарнасць мыслення, але і строгасць у паводзінах. Яму было агідна назіраць, як, здавалася б, будучыня нацыі – студэнты, марнуюць процьму часу на гулянкі і п’янкі. Ён катэгарычна асуджаў такія паводзіны: “Ці змяніўся дух моладзі … Сталі штодзённасцю п’янкі, гульні, распуста”.
Студэнцтва для Франца праходзіць у пакутах. Ён задаецца глыбокімі пытаннямі і старанна шукае адказ, неабыякавы да лёсу Айчыны, якое запала ў “летаргічны сон” пад кайданамі дынастыі Раманавых:
“Але што я магу дзеля маёй Радзімы зрабіць – сам без прытулку, без усялякай свабоды, ва ўбогім стане? Сэрца маё адказвала: Хрыстос не нарадзіўся ні на троне, ні ў палацы, а ў галечы, у стайні на сене, усё жыццё быў убогі, хоць панаваў і пануе на зямлі і на небе. І сказаў вучням сваім: „Хто хоча ісці за мной, няхай адрачэцца ад усяго, возьме крыж свой і ідзе за мной”. Такія думкі пераканалі мяне, што, маючы моцную волю, я магу быць карысны братам і пакласці вышэй адзін камень на карысць Радзімы нашай…”.
Такі лёс мысляра – блукаць у пустыні пытанняў і знайсці крыніцу адказу. Знайдзі тую формулу, той сэнс, які б дапамагаў яго суайчыннікам мацавацца і не задавацца, ісці наперад і не спыняцца ў сваім развіцці.
Мемарыяльны помнік Савічу ў родных Вяляцічах, здымак Міколы Кузіча 2016 год.
“Увесь час я працаваў над сабой, чэрпаў навуку з кніжак і жыцця, казаў сам сабе не аднойчы: маючы душу і свабоду ад Бога дадзеную, ніяк яе змяніць нельга, бо гэта б супярэчыла дасканаласці Стваральніка, Святой кнізе…”.
У 1836 годзе Савіч разам з паплечнікамі стварыў “Дэмакратычнае таварыства”. Авангард падпольнай арганізацыі складалі студэнты, каля 60 чалавек. Таварыства распаўсюджвала дзейнасць далёка па-за Вільняй, філіі меліся на Гарадзеншчыне і Меншчыне, для камунікацыі выкарыстоўваліся псеўданімы і паролі. Дзякуючы развіццю сеткі структур, колькасць чальцоў “Дэмакратычнага таварыства” неўзабаве дасягнула сотняў. Яны ставілі за мэту барацьбу з беззаконнем, дапамогу бяздольным, выхаванне ў моладзі высокіх маральных прынцыпаў. Выступалі за вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёй.
Франц Савіч, акрамя функцый старшыні таварыства, выконваў таксама абавязкі скарбніка і сакратара, напісаў статут арганізацыі – “Прынцыпы дэмакратызму”. Дакумент прадугледжваў дасягненне сацыяльнай справядлівасці, павагі сярод народамі, талерантнасці, развіццё інстытута правоў чалавека.
Рэалізоўваць ідэі планавалася рэвалюцыйным шляхам. Акрамя статута, арганізацыя брала на ўзбраенне пракламацыі, што пісаў Савіч, сярод якіх: “Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам або, якое наша становішча, і што ў наш час рабіць людзям сумленным”.
(…) Будзем гартаваць дух, працаваць да канца жыцця! Хто ведае, дзе і як прызначана нам памерці? Магчыма, не адзін з нас памрэ ад рукі ката! Але хай і смерць яго будзе працягам барацьбы за свабоду! І з вышыні шыбеніцы, як з вышыні трона, павінен заклікаць: паўстаньце, народы! Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека! Вось кароткі нарыс барацьбы, якую вядзе Еўропа і якую трэба нам весці з дэспатызмам … Ведаем, што велізарныя будынкі будаваліся з малых цаглін, няхай жа кожны з нас падрыхтуе сваю цэглу і пакладзе яе на свае месца, не пытаючыся пра заканчэнне справы. Бяздзейныя людзі, людзі слабадушныя, у апраўданне бяздзейнасці кажуць, што ім няма чаго рабіць… – урывак з пракламацыі.
Для дасягнення поспеху ў рэалізацыі задач і падрыхтоўкі вызваленчага паўстання “Дэмакратычнае таварыства” мела партнёрскія сувязі з шэрагам падпольных арганізацый: “Садружнасць польскага народа” Шымона Канарского, арганізацыя Брынко і Навіцкага ў Гарадзенскай губерні, “Жаночы саюз” на Валыні. Усе яны імкнуліся вярнуць страчаныя свабоды пасля падзелу Рэчы Паспалітай.
Расейская ўлада рабіла ўсё, каб больш не дапусціць паўтарэння падзей 1830-1831 гадоў. Пасля першага вызваленчага паўстання народаў былой Рэчы Паспалістай махавік рэпрэсій набіраў абароты. Русіфікацыя, павялічыўся кантынгент расейскіх войскаў, вялася барацьба з усім нацыянальным. Пад удар царызму патрапілі яркія прадстаўнікі інтэлігенцыі, рамеснікі і шляхта. Ліквідавалі Віленскі ўніверсітэт, забаранілі ўніяцтва ды адмянілі Статут ВКЛ.
Улетку 1838 года дзейнасць “Дэмакратычнага таварыства” была згорнутая, некаторых актывістаў высачылі, частка з’ехала ў эміграцыю альбо ў глыб Расейскай імперыі, каб згубіцца на яе бязмежных прасторах.
Савіч трапіў у няволю, дзе вытрымаў чарговае выпрабаванне. У вязніцы яго замардавалі настолькі, што гатовы быў прыняць цяжкі грэх – самагубства. Савіча катавалі да самага прысуду, які вынеслі ў лютым 1839 года. Доўгія месяцы карнікі спрабавалі выбіць яўкі і паролі, каб выявіць усё падполле, але не атрымалася. Дапытваў мысляра князь Трубяцкі, у метадах не саромеўся: “… цягаў за валасы, біў кулаком у твар, валіў на падлогу, таптаў і мясіў нагамі, пакуль я не сыходзіў крывёю”. Нягледзячы на катаванні, Савіч разгледзеў сутнасць князя-ката: “Быў гэта чалавек нізкі, худы, чорны, з набеглымі крывёю вочкамі, вераломны, хітры; ён то, як ліс, то зноў, як сабака, кусае; з чорнай душою, а сумленне яшчэ больш чорнае, без літасці, з сэрцам, у якім ніякіх шляхетных пачуццяў ніколі не было”.
Па выніку суда Савіча саслалі жаўнерам на Каўказ. Ён неаднаразова ўцякаў. Аднойчы інсцэніраваў самагубства, але быў злоўлены і два гады прасядзеў у турме, пасля яго зноў адправілі ў войска. Увесну 1844 года зрабіў чарговую спробу ўцёкаў і яна апынулася паспяховай. З чарнігаўскага батальёна ўнутранай аховы, дзе служыў памочнікам фельчара, рухаўся да мяжы. Паплечнікі вырабілі і перадалі яму падробленыя дакументы.
Пакінуць Украіну так і не змог. У 1845 годзе Франц Савіч вывіхнуў нагу і вырашыў затрымацца ў бліжэйшым мястэчку, якім апынуўся Янушполь (цяпер гэта ў Жытомірскай вобласці Украіны). Тады ў аколіцах Янушполя панавала эпідэмія халеры. Савіч, як лекар па адукацыі, пачаў дапамагаць людзям і сам стаў ахвярай хваробы. Незадоўга да смерці паспеў перадаць паплечнікам мемуары.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
