Палачанка Алена Шушарт прадставіла ў Глыбокім “Майстэрства выцінанкі”



“Майстэрства выцінанкі” – выстава выцінанак майстра з Полацка Алены Шушарт праходзіць у Глыбоцкім доме рамёстваў. На ёй прадстаўленыя працы з цыклу “Па сцежках народнага календара”, якія адлюстроўваюць асноўныя беларускія святы, абрады ды традыцыі. Таксама на выставе можна пабачыць скрынкі, скарбонкі ды фіранкі-выцінанкі. Дарэчы, майстар з Полацка выразаныя з паперы фіранкі ўжо падаравала Дому рамёстваў.

Як кажа метадыст Глыбоцкага дома рамёстваў Віктар Дудкевіч, выраб выцінанкі – гэта вельмі карпатлівая праца, якая патрабуе стараннасці.

– Гэта трэба мець цярпенне вялікае. Спачатку трэба гэта прыдумаць. Потым трэба прыдумаць як гэта скласьці і павыцінаць. На гэта ёсць майстры адмысловыя. Калі блаху падкавалі, дык чаму і выцінанку не зрабіць.

У экспазіцыі ёсць таксама выцінанкі, выкананыя ў стылі маляванак Язэпа Драздовіча. Выстава выцінанак у Глыбоцкім доме рамёстваў будзе працаваць да канца чэрвеня з 9 да 17 гадзін.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі