Паланэз Агінскага штодня гучыць у Слоніме
У 1920-х-1930-х гадах у Слоніме з пажарнай вежы два разы ў дзень гучаў вядомы паланэз Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай”.
Гэтым самым ушаноўвалася памяць пра вядомага кампазітара, дзяцінства якога ў 18 стагоддзі прайшло ў Слоніме пры двары яго роднага дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага.
Слонім часоў Агінскіх нярэдка называлі палескімі Афінамі. Сюды ў святочныя дні з’язджаліся вяльможы і багацейшая шляхта з усяго краю і нават з Варшавы. Горад меў узорны парадак. Скверы, сады, аранжарэі і рыбныя ставы ствараліся і даглядаліся лепшымі спецыялістамі Еўропы.
Пры Польшчы ў пачатку ХХ стагоддзя слонімцы заўсёды з радасцю слухалі вядомы паланэз Агінскага. А калі ў горад над Шчарай прыйшлі бальшавікі, паланэз ужо не гучаў.
Спрабавалі старую гарадскую традыцыю аднавіць слонімцы і ў пачатку 1990-х гадоў, але прагучаў паланэз нядоўга. І вось новае вяртанне да мінулай слонімскай традыцыі. Зноў са старой пажарнай вежы штодня ў 12 гадзін гучыць вядомы на ўвесь свет паланэз.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.
Фота аўтара і з архіва аўтара.
