„Па Прыпяці па Нобель”



Свет вядзьмарак, чароўных багнаў ды бурштынавай ліхаманкі.

Мясціны дагэтуль маладаследаваныя: украінскае ды беларускае Палессе, а менавіта даліна ракі Прыпяць, мясцовыя жыхары ды іх звычаі склалі кнігу рэпартажаў Ганны Кандрацюк. Прэзентацыя выдання прайшла ў менскай кнігарні „Логвінаў”:

– Нельга думаць беларускімі аналагамі пра ўкраінскае Палессе таму, што там сёлы шматлюдныя, школы працуюць, у якіх па 500 вучняў. Кожная вёска – гэта асобны свет са сваім каларытам.

Палескія рэпартажы Ганна Кандрацюк друкаваліся ў тыднёвіку „Ніва”. „Кніга прасякнута энергетыкай тых зачараваных мясцінаў і з’яўляецца чарговым сцверджаннем бязмежнасці Палесся”, – кажа рэдактар выдання, кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:

– Гэтая кніга з’яўляецца ўвасабленнем ідэі Ганны Кандрацюк, у якой яна аддае павагу і пашану таму палескаму абшару, у якім яна ўзгадавалася. 

Прэзентацыя выдання „Па Прыпяці па Нобель” у Менску прайшла пры ўдзеле сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама з асобным музычным сэтам выступіў Сяржук Доўгушаў.

Ганна Дусь, Беларускае Радыё Рацыя, Менск