Памерла мастачка Ала Непачаловіч



Беларускае выяўленчае мастацтва нясе страты. Сыходзяць адзін за адным лепшыя творцы, якія былі і, гэта відавочна ўжо сёння, застануцца яркімі характэрнымі постацямі ў гісторыі айчыннага жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… Уладзімір БАСАЛЫГА, Святлана КАТКОВА, Валерый ШКАРУБА… Цяпер вось, на самым пачатку 2021-га, літаральна 1 студзеня, памерла Ала НЕПАЧАЛОВІЧ.

У памяці — многія выстаўкі, зладжаныя з яе ўдзелам, а часам і выключна з яе ініцыятывы. Некторы час назад у менскім Цэнтры сучасных мастацтваў прагучала, сталася падзеяй выстаўка майстроў габелена і керамістаў «Сем + 2». Сем — таму што сабраны былі твораў 7 майстроў габелена: Алы Непачаловіч, Алены Обадавай, Уладзіміра Лісавенкі, Наталлі Сухаверхавай, Вольгі Раднікінай, Марыі Барысенкі і Алены Сяргеевай. Да гэтай грамады яркіх прадстаўнікоў у выразна беларускім накірунку мастацтва далучыліся керамісты Тамара Васюк і Наталля Еўглеўская.

Дарэчы, гэтае вымярэнне «Сем+2» — яшчэ і група ў секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага Саюза мастакоў. Ала Непачаловіч, дацэнт кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, шмат прыклала сіл, намаганняў, каб такая група сфарміравалася, каб разам паядналіся аднадумцы. «Сем+2» стварылася на базе арт-праектаў «Натхненне», «Каляровая нізка», «Цаца ёсць цаца», іншых мастацкіх выяўленняў… Майстры габелену стараліся шырока паказаць плён свай працы. Імкнуліся выстаўляцца і ў Беларусі, і за яе межамі.

…Летась, у студзені 2020 года, Ала Непачаловіч сумесна з Тамарай Васюк арганізавалі ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» выстаўку «Адвечная прыгажосць». У прастору вядомай пляцоўкі мастацкіх здабыткаў нашай краіны ўвайшлі са сваімі працамі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Іх здабыткі здзяйсняліся ў мастацкіх майстэрнях «Мастацкая кераміка» (кіраўнік — Тамара Васюк) і «Мастацкае ткацтва» (кіраўнік — Ала Непачаловіч). У межах таго праекту арганізатары наладзілі і «круглы стол» «Нашы традыцыі і плынь часу». Вось гэтым і кіравалася ў сваіх мастацкіх перакананнях светлай памяці Ала Іванаўна Непачаловіч: бачыць традыцыю, след у след ісці за народным веравызнаннем, адчуваць час, быць разумным абаронцам народнай традыцыі, высокага народнага святла перад усімі няпростымі выпрабаваннямі.

zviazda.by