Памёр даследчык беларускага вызвольнага руху Барыс Клейн



Яго не стала ў ЗША ва ўзросце 92 гадоў ад хваробы, выкліканай каронавірусам.

Пра гэта паведаміў у фэйсбуку журналіст Аляксандр Фядута.

«Сумная навіна прыйшла з ЗША.

Ва ўзросце 92 гадоў ад хваробы, выкліканай каронавірусам, памёр вядомы гісторык беларускага нацыянальнага, рэвалюцыйнага і вызвольнага руху, мемуарыст, грамадскі дзеяч і педагог Барыс Самуілавіч Клейн.

Абарвалася яшчэ адна нітачка, што звязвала нас з Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком. Сышоў трэці з „гродзенскага трохкутніка” 1968 года. Чалавек, які здолеў не скарыцца сістэме, адстаяць сваю годнасць і прафесійную рэпутацыю.

Я меў несумненны гонар мець дачыненне да выдання двух апошніх кніг Барыса Клейна на радзіме. Апошні ліст ад яго прыйшоў прыкладна два тыдні таму. Ён шчыра перажываў за Беларусь, даваў парады, якімі, на жаль, я не мог скарыстацца, але якія ад таго не станавіліся менш слушнымі і кранальнымі.

Мае шчырыя спачуванні яго ўдаве, Фрыдзе Мацвееўне, сынам Аляксандру і Яўгену і іх сем’ям. А памяць пра Барыса Самуілавіча захаваецца ў яго кнігах, у мемуарах яго сяброў Быкава і Карпюка, у шматлікіх архіўных дакументах, з якімі ён працаваў і на „пашпартах” якіх засталіся яго пазнакі.

Сышоў моцны, мудры, горды чалавек. RIP», — напісаў Аляксандр Фядута.

[manual_related_posts]