Памёр народны артыст Беларусі Віктар Чэрнабаеў



Памёр народны артыст Беларусі Віктар Чэрнабаеў, паведамілі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета.

«Не стала Віктара Максімавіча Чэрнабаева. Каля ста роляў на сцэне Вялікага, тысячы выступленняў у Беларусі і за мяжой, вялізны фонд аўдыё- і відэазапісаў, мноства высокіх узнагарод. Адышла цэлая эпоха ў гісторыі беларускага опернага тэатра. Адышла легенда. У маі народнаму артысту Беларусі споўніўся 91 год», — адзначылі ў тэатры.

Слухаць і бачыць Віктара Чэрнабаева ў оперных спектаклях і канцэртных праграмах пашчасціла не аднаму пакаленню знатакоў музыкі. Толькі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі ён спяваў больш за 50 гадоў — з 1958 па 2011 год. На сцэне заўсёды праяўляліся няўрымслівы характар і вынаходлівасць артыста. Ён ствараў каля сябе адмысловую аўру добразычлівасці і лёгкасці, якая неўзаметку ахоплівала залу, напаўняючы душы гледачоў надзеяй і спакоем.

З 1964 года Віктар Чэрнабаеў — народны артыст Беларусі.