Памёр пісьменнік Мікола Гіль



14 сакавіка не стала беларускага пісьменніка Міколы Гіля. Гэта быў родны брат народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.

Нарадзіўся Мікола Гіль 15 чэрвеня 1936 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на Менскай студыі тэлебачання, літсупрацоўнікам, а потым загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Некаторы час загадваў аддзелам у рэдакцыі бюлетэня «Родная прырода», быў супрацоўнікам аддзела публіцыстыкі часопіса «Маладосць».

З 1977 года Мікола Гіль працаваў адказным сакратаром, потым намеснікам галоўнага рэдактара, а з 1990 года – галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

Выдаў кнігі апавяданняў, аповесцей «Ранішнія сны» (1973), «Таццянін чэрвень» (1978), «Пуд жыта» (1982), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1984), нарысаў «Пасеянае – узыдзе» (1985), «Камандзіроўка ў Вішанькі» (1987), «Кім і Валерыя» (1988), казку-быль «На лясной вуліцы» (1975), зборнік апавяданняў для дзяцей «Самы галоўны чалавек» (1980) і аповесць у апавяданнях пра лётчыка-касманаўта СССР П.Клімука «Ёсць на зямлі крыніца» (1983) і шмат іншых. Займаўся перакладчыцкай дзейнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя