Памёр пісьменнік Васіль Ткачоў



З Гомеля прыйшла сумная вестка – не стала празаіка, драматурга і журналіста Васіля Ткачова.

Васіль Ткачоў

Васіль Ткачоў быў адзіным з самых таленавітых сённяшніх літаратараў Гомельшчыны. На творчым рахунку Васіля Юр’евіча налічваецца дзесяткі кніг для дзяцей і дарослых, ён упэўнена адчуваў сябе ў галіне сатыры і гумару, публіцыстыкі і драматургіі. Спектаклі па яго п’есах ідуць на сцэнах не толькі тэатраў Беларусі, але і ў іншых суседніх краінах. З вялікім поспехам на сцэне Слонімскага драмтэатра да сённяшніх дзён дэманструецца спектакль па яго п’есе “Белы ліст”.

Васіль Юр’евіч быў родам з Рагачоўшчыны. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Служыў і працаваў у Туркменіі, а ў 1980-м годзе вярнуўся на Бацькаўшчыну.

Першае апавяданне надрукаваў у 1966 годзе.

Васіль Юр’евіч Ткачоў быў не толькі выдатным літаратарам, але і шчырым, мудрым, простым чалавекам, які любіў Беларусь, сваю мову, тэатр. Ён меў шмат сяброў, аднадумцаў, яго заўсёды хвалявалі праблемы сённяшніх дзён. Але ён верыў у самае светлае і добрае, што толькі ёсць на зямлі і гэтага жадаў беларусам.

Памёр Васіль Ткачоў ад каронавірусу на 75-м годзе жыцця. Яго пахаваюць у роднай вёсцы Гута на Рагачоўшчыне ў аўторак, 15 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]