Памёр старшыня Беларускага нумізматычнага таварыства Віктар Какарэка
1 лістапада памёр Віктар Какарэка — нумізмат, краязнаўца, кіраўнік Беларускага нумізматычнага таварыства. Яму было 66 год. Смерць наступіла ў выніку захворвання каронавірусам.

Пра смерць нумізмата паведамілі яго калегі: «Ён шмат зрабіў для развіцця нумізматыкі і калекцыянавання ў Беларусі».
Журналіст і пісьменнік Алесь Кіркевіч напісаў у Фэйсбуку ўспаміны пра Віктара Іванавіча.
«Яшчэ школьнікам я хадзіў да яго ў нумізматычны кабінет на Леніна. Гэта былі такія вечаровыя паходы з гатычнай эстэтыкай Майрынка. Шэры парк, вароны, старыя камяніцы, пасля гігантычныя прыступкі і – ты ў кабінеце.
На вакне лампа, а цябе, смаркатага школьніка, сустракае „стары чараўнік”, які ўсё пра ўсё ведае. Там, як у бібліятэцы, я сядзеў гадзінамі сярод альбомаў манет. Нешта запытваў, Віктар Іванавіч тлумачыў. Са сценаў у паўзмроку навісалі абразы, карціны, блеклыя фотаздымкі.
Там упершыню я пачыў магічныя словы: орт, дырхем, тымф, драйпёлькер, дынарый, солід. З маленькіх срэбных кругляшоў праз паціну глядзелі ўладары зніклага свету.
Пасля звяртаўся да Віктара Іванавіча як журналіст па каментары ці інтэрв’ю. Ён пакідаў уражанне чалавека, якому трэба выгаварыцца на сваю тэму, якая цікавіла не так багата людзей. З-большага цікаўнасць збіральнікаў фіксавалася на грошах, у яго ж гэта быў лад жыцця. Пошук. Яму б лекцыі чытаць, але дзе і для каго?
Вакол Віктара Іванавіча круціўся свет калекцыянераў Гародні. У тым, старым разуменні. Гэты былі дзяды, якія пачыналі збіраць калекцыі яшчэ за Саюзам, калі клады манет здавалі на металалом ці разбіралі на сувеніры. Калі барочныя шафы рубілі на дровы, а самавары здавалі на медзь. Такія сабе „старыя багі”. Большасці з іх таксама ўжо няма на гэтым свеце.
А пасля прыйшоў час металашукальнікаў і гандляроў, якія не мелі сваіх калекцыяў (шок, праўда?). Пасля – усё перайшло ў сеціва. У гэтым свеце Віктар Іванавіч быў ужо рэліктам, яму было няўтульна. На пачаткоўцаў ён глядзеў з усмешкай, з сарказмам усміхаўся праз акуляры: „Што вы бачылі? Вось раней…”
Светлая памяць харошаму чалавеку.
Дзякуй, Віктар Іванавіч!»
Сям’я паведаміла, што развітанне з Віктарам Какарэкам адбудзецца 3 лістапада ў 10.30 у Царкве ўсіх беларускіх святых у Гародні.
Фота з фэйсбука Алеся Кіркевіча.
