Паштовыя канверты, прысвечаныя Максіму Багдановічу



9 снежня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча (1891-1917). Ці часта наша пошта ўшаноўвала на канвертах гэта славутае імя?

У 1991 годзе пошта СССР выпусціла першы канверт, прысвечаны Максіму Багдановічу. На ім адлюстраваны помнік песняру ў Менску каля Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета. Помнік быў урачыста адкрыты ў 1981 годзе, калі грамадскасць Беларусі адзначала 90-годдзе Максіма Багдановіча.

У 2001 годзе ўнітарнае прадпрыемства “Гроднааблпошта” выпускае канверт да 110-годдзя паэта. На ім адлюстраваны партрэт Максіма Багдановіча і вядомыя ўсім паэтычныя радкі: “Зорка Венера ўзышла над зямлёю, светлыя згадкі з сабой прынясла…”. Тыраж канверта быў 3000 асобнікаў.

Да 120-годдзя песняра “чыстай красы” Белпошта” сумесна з Міністэрствам сувязі і інфармарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла прыгожы канверт са спецыяльнай маркай з партрэтам Максіма Багдановіча. На канверце надрукаваны літаратурны музей паэта ў Менску, першы яго паэтычны зборнік “Вянок”. На адваротным баку канверта напісана біяграфія паэта, дзе падкрэслена, што “творчая спадчына Максіма Багдановіча – істотная частка духоўнай культуры беларускага народа”. Гашэнне канверта з маркай адбылося ў Менску на паштамце 9 снежня 2011 года.

125-годдзе Максіма Багдановіча “Белпошта” таксама не абышла бокам. Да гэтага юбілею былі выпушчана паштовая марка і спецыяльны канверт першага дня. На ім надрукаваны кветка васілёк і музей паэта ў Гародні. Гашэнне маркі і канверта адбыліся ў Менску на паштамце 9 снежня 2016 года. Канверт аформіў мастак Мікола Рыжы (1953-2017).

Парупілася “Белпошта” адзначыць і 150-годдзе бацькі Максіма Багдановіча Адама Багдановіча (1862-1940) – вядомага этнографа, лінгвіста, фалькларыста, грамадскага дзеяча і кнігалюба. З адваротнага боку канверта надрукавана кароткая біяграфія Адама Ягоравіча.

Вось, здаецца, і ўсе паштовыя канверты, на якіх ушанавана імя нашага вялікага паэта Максіма Багдановіча. Гэтыя канверты маю ў сваёй уласнай калекцыі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, фота з калекцыі аўтара