Паўночныя Афіны чакаюць гасцей!



У Залессі  на Смаргоншчыне пачаліся святочныя ўрачыстасці да 252 год з Дня нараджэння дыпламата, музыкі і паўстанца Міхала Клеафаса Агінскага.

23-25 верасня Музей-сядзіба М.К. Агінскага запрашае ў Залескі палац на святочныя мерапрыемствы…

23 верасня тут адбыўся касцюміраваны баль для дарослых „Поры года”. Падрыхтоўка да балю прайшла ў форме майстар-класа па танцах (паланэз, экасэз, вальс, контрданс і інш.), які правяла кіраўніца студыі гістарычнага танца „La Camargo” Маргарыта Шаўцова.

24 верасня ў маёнтку чакаецца канцэрт гурта „Балцкі субстрат”. У праграме пазначаны арыгінальныя апрацоўкі твораў айчыннай класікі і фальклору, а таксама кампазіцыі паводле тэкстаў народных песень і вершаў беларускіх паэтаў.

25 верасня, непасрэдна ў Дзень народзінаў слаўнага земляка, у Залессі пройдзе ІV Свята камернай музыкі „Вяртанне Паўночных Афінаў” з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Чакаюцца два тэматычныя канцэрты – „Міхал Клеафас Агінскі: шлях да музычнай Бацькаўшчыны” (15.30) і „Музычныя мары Залескай сядзібы” (17.30). На абедзьве імпрэзы (другая – ва ўнутраным дворыку маёнтка) уваход вольны.

Паўночныя Афіны чакаюць у госці сяброў князя Міхала!

Беларускае Радыё Рацыя, Дар’я Ліс

Фота з сайта oginskizalesse.by