“Перадусім Беларусь” ад Сяргея Шапрана



Найлепшай кнігай 2016 года ў жанры нон-фікшн (дакументальная проза) 10 экспертаў Радыё «Свабода» назвалі зборнік успамінаў, эсэ, гутарак пад назвай “Перадусім Беларусь. Згадваючы Генадзя Бураўкіна”.

img_1537Выдадзены ён увосень да 80-годдзя паэта Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Укладальнікам, збіральнікам, “маторам” фаліянта на больш чым 550 старонак стаў журналіст паводле адукацыі, цяпер пісьменнік, літаратуразнаўца, даследчык Сяргей Шапран. Як зазвычай, кароткая візітоўка суразмоўцы. Яму 48 гадоў. Нарадзіўся ў Рызе. Скончыў філфак Белдзяржуніверсітэта. Друкаваўся ў перыядычных выданнях “Советская молодёжь”, “Час”, “Субота”, “Знамя юности», «Имя», «Белорусская деловая газета», «Новы час», у часопісах “Дзеяслоў”, “Абажур”. Атрымаў дыплом Саюза тэатральных дзеячаў, прэмію “За ўнёсак у развіццё беларускай рок-музыкі”. Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча за даследаванне “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах”. Сёння Сяргей Шапран у нас гасцюе.

img_1540

РР: Мы ведаем адзін аднаго з 90-х, калі ты прыехаў у Менск з Рыгі і адразу “засвяціўся” на тутэйшых рок-тусоўках. Я вёў тады першы беларускі хіт-парад радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”, што была пасля забароненая спачатку ўладамі Кебіча, пасля Лукашэнкі. Тым часам, музычныя фэны зачытвалі да дзір твае газетныя артыкулы-інтэрв’ю з тагачаснымі эсэсараўскімі маладзёвымі рок-ідаламі – Юрыям Шаўчуком, Віктарам Цоем, Барысам Грабеншчыкавым, Жанай Агузаравай і г.д.

Сяргей Шапран: Усё так – пачалося з рок-музыкі. Але ўжо тады поруч ішла літаратура, якой захапляўся з дзяцінства. Паралельна з’яўляліся размовы з Васілём Быкавым, Святланай Алексіевіч, Булатам Акуджавам…

РР: Гэта і быў пераход да стасункаў з “класікамі” – духоўнымі лідарамі нацыі. А з Рыгорам Барадуліным – дзядзькам Рыгорам – у цябе ўжо тады завязаліся стасункі, якія, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, перайшлі, бадай, у сяброўскія?

Сяргей Шапран: Гэта ж усё паступова адбывалася. Пачыналася сапраўды з газетных інтэрв’ю і з Васілём Уладзіміравічам, і з Генадзем Мікалаевічам. Але праславутыя “фарматныя дзве паласы” сталі цесныя для такога неабдымнага матэрыяла. Яшчэ ў 90-я той жа Юры Шаўчук у час грунтоўнай размовы на лецішчы сказаў мне: “Стары, глыбока капаеш, але ж ты не пісьменнік!” З цягам чаму сам зразумеў: тое, што я раблю, хутчэй даследаванне літаратуры.

РР: Гэтак жа да атрымання Нобеля адмаўлялі Святлане Алексіевіч у праве называцца пісьменніцай…

Сяргей Шапран: Так! Увесь час карцела зрабіць кнігу пра тых, хто таго варты. Кусаў локці, калі пайшоў з жыцця Уладзімір Мулявін, бо гэта быў той, з кім трэба было гутарыць, запісваць пры жыцці. І тут раптам паступіла нечаканая прапанова ад Аляксандра Федуты напісаць кнігу пра Быкава. А пра Барадуліна пачаў пісаць раней, чым пра Бураўкіна. Бо менавіта Генадзь Мікалаевіч, ужо смяротна хворы, блаславіў мяне на гэту працу, сказаўшы: “Рабі і як мага хутчэй, бо пасля гэту працу акрамя цябе ніхто не зробіць!” Сапраўды, сабраў усё, што магчыма, пра дзядзьку Рыгора, з якім у апошнія яго месяцы перазвоньваліся амаль штодзень. І, канешне, усё, што казаў і пісаў Бураўкін пра свайго блізкага сябра. Увогуле, Быкаў, Барадулін, Бураўкін і Някляеў – асобы, што дагэтуль шчыльна мяне цікавяць. Такі спіс сёння. Але не значыць, што не будзе пашырацца…

РР: Хоць, канешне, падзея года не толькі для цябе – не пабаюся, і для краіны – гэта “Перадусім Беларусь”. Мы перад размовай разам налічылі колькасць людзей, якіх запісаў, “адкапаў”, арганізаваў для гэтых успамінаў – роўна паўсотні!

Сяргей Шапран: І сам лічу, што мы ўсе разам – літаратары, палітыкі, грамадскія дзеячы, родныя – зрабілі Генадзю Мікалаевічу літаратурны помнік. Не магу не прыгадаць і самаахвярную працу над кнігай жонкі паэта – спадарыні Юліі.

РР: Дазволю сябе прывесці ўрывак з уласных успамінаў пра выпадак, што адбыўся ў час працы Бураўкіна старшынём Дзяржтэлерадыё БССР:

Кардынальная сустрэча адбылася ўжо ў траўні 1988, за месяц да 19 партканферэнцыі КПСС. Я ўжо стала працаваў на папулярнай тады радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”, быў намеснікам кіраўніцы Жанны Літвіной, для якой словы Генадзя Мікалаевіча ўспрымаліся як Закон і Знак Звыш. А палітычная сітуацыя шмат у чым, калі хто памятае, нагадвала тое, што пасля адбылося ў жніўні 1991. Толькі без танкаў і стрэлаў. На хвалі галоснасці ў грамадстве віравалі ідэі адмены сумна вядомага 6 артыкула Канстытуцыі СССР, што замацоўваў “кіруючую і накіроўваючую ролю КПСС”. А таксама аддзялення партыйных органаў ад дзяржаўных, савецкіх. Да таго ж, у краіне пачыналася Адраджэнне – адбыліся першыя публічныя акцыі маладзёвай “Талакі”, напоўніцу загучала “ў вузкіх колах” беларуская мова. Усё гэта сустракала ўціск, шалёную нянавісць і супраціў “партакратыі” ў Маскве і тутэйшым ЦККПБ. Чаго каштаваў толькі артыкул Ніны Андрэевай. Разумеючы, што з “перабудовамі” хутка можа ўсё скончыцца, я на ўласныя страх і рызыку запісаў вялізны “кольны стол”, дзе ўпершыню ўзялі ўдзел эрудыт Вінцук Вячорка, аброслы тады “як бітлас” Алесь Суша, памерлы цяпер Сяржук Вітушка, камсамольскі альтэрнатыўшчык Міхась Масюкоў і нават прыйшоўшы, як казаў пасля, “на сваю галаву” інструктар Менскага абкама КПБ Гусараў. У час дыскусіі і патрабавалася, каб КПСС перастала быць стрыжнем улады, свабоды рэгістрацыі ды працы грамадскіх аб’яднанняў ды партый і (о, жах!) дзяржаўнасці беларускай мовы. Пры чым я схітрыў – у першую частку паставіў больш “заявачныя” тэзы, а ўсё радыкальнае пакінуў на другую, што доўжылася 45 хвілін. Станоўчай асаблівасцю тых часоў было поўнае неразуменне нават на самых высокіх вярхах, што заяўленыя і надрукаваныя ў праграме перадачы можна па-просту… зняць з эфіру. Пасля, як вядома, гэта было цынічна і хутка пераадоленае. Аднак пра тое, што гаварылася ў другой частцы дыскусіі, “правільнымі людзьмі” на Беларускім радыё тут жа было дакладзена ў Чырвоны дом. Што тут усчалася! Як пасля давялі, ведамства галоўнага ідэолага-сатрапа Савелія Паўлава разаслала па кабінетах ды на месцы ў абкамы і райкамы тэксты перадач, што раздрукавалі ў колькасці 200 асобнікаў. Маўляў, ведайце ворагаў пайменна і да чаго дакоцімся, калі не дамо жорсткі адпор! Жанне Літвіной прыгразілі звальненнем. Магу толькі здагадвацца, які ціск быў на Бураўкіна, што ў вышэйшым партасяродку ўспрымаўся як беларускамоўная “белая варона” ды, што таксама адрывала ад іх, “машэраўскі вылучэнец”. Але мо першую ў гісторыі забарону заяўленай перадачы мусілі зрабіць яго рукамі. Жанна, заломваючы рукі, выпіхнула мяне на Макаёнка, 9. У час сустрэчы са старшынём мы пэўны час маўчалі, напружана гледзячы адзін на аднаго. Пасля я прамовіў падрыхтаваную фразу пра тое, “што Адраджэнне душаць у зародку” і “пасля 19 партканферэнцыі можа вярнуцца сталіншчына”. Так што эфір – дайце веры – “апошні шанец”. Генадзь Мікалаевіч раптам сеў і, не зводзячы позірку, спакойна і зусім нечакана для мяне прамовіў – “ну, першую праграму я прачытаў, а другую пакуль не”. Тут ужо я, ведаючы пра 200 асобнікаў, не мог стрымаць ухмылкі. А што ж рабіць з эфірам? Дык ты ж, маўляў, таксама адзін з кіраўнікоў. І ў вас ёсць свой “галоўны” – Літвіна. Вось і вырашайце! Я ажно ўзмакрэў ад радасці, што рукі ў нас развязаныя. І што гэта як неасязальная падтрымка! Ужо збіраўся ляцець на радыё, як Бураўкін раптам рэзка ўзняўся і сваёй пругкай паходкай-ветрыкам накіраваўся да прылазніка паміж двума дзвярыма ля выхаду, жэстам паказаўшы мне, каб ішоў за ім. Толькі пасля зразумеў, што ў сваім кабінеце жыў ва ўмовах пастаяннага гэбісцкага праслухоўвання. І ўжо паміж дзвярыма вочы ў вочы ледзь не пракрычаў – “дык няхай талакоўцы падаюць у суд на Краўчанку!” (Пятро Краўчанка тады, будучы галоўным ідэолагам Менскага гаркама КПБ, меў рэпутацыю галоўнага душыцеля нацыянальнага Адраджэнцкага руху, што нараджаўся – В.C.) Лішне казаць, што пасля такога “бласлаўлення” я імчаўся на радыё, як на крылах. Эфір адбыўся і стаў першай ластаўкай, пасля якой “нефармалы”, што выраслі пасля ў БНФ і апазіцыю ў парламенце, пачалі з’яўляцца ў дзяржаўным радыёэфіры – найперш на “Беларускай маладзёжнай”. Бывалі дзясяткі крытычных, крызісных сітуацый, але пры старшыні Дзяржтэлерадыё Бураўкіне мы заўжды адчувалі крыло, што падтрымлівала. І нараджала надзею, што будучыня будзе.

Абарвалася…

Сяргей Шапран: Для Генадзя Мікалаевіча было прынцыповым, каб тагачаснае савецкае БТ перайшло на беларускую мову, чаго зараз няма. Яго блізкі сябар, пісьменнік Валянцін Блакіт, які тады працаваў у сектары радыё і ТБ ЦК КПБ, у сваіх успамінах прыгадваў, што пэўны час пасля гэтага ягонага валявога рашэння Бураўкін ужо, маўляў не міністр. І яго насамрэч неаднаразова выклікалі ў ЦК, але спадар Генадзь проста не падымаў слухаўкі. І, канешне, патэнцыяльна быў гатовы да страты пасады. Варта прыгадаць і тое, што адзін са сваіх самых пранізлівых вершаў “Я не ганю землі чужыя” ён напісаў ў пачэснай ссылцы ў Нью-Ёрку, будучы прадстаўніком РБ у ААН. Калі разбіралі яго архіў з Юліяй Якаўлеўнай, знайшлі некалькі яго прашэнняў аб адстаўцы. Але Менск не дазваляў вяртацца.

РР: Сяргей, а ці выпадкова, што ўсе твае героі ніколі не былі ў шчыльных стасунках з уладамі ці, як казалі, “прыкарытнымі”?

Сяргей Шапран: Мне сказаў яшчэ Булат Акуджава, што сапраўдны творца мусіць быць у апазіцыі да ўлады. Гэта наша жыццё, такая ўлада. Пасля прачытаў у дзённіках Алеся Адамовіча: “А як вы там, мілыя, ці па-ранейшаму дазваляеце фюрарам дурачыць сабе?!” Бураўкін пасля дадаў: “Фюрары толькі драбнеюць і падлеюць!”

РР: Дарэчы, Бураўкін неяк матываваў просьбу надрукаваць свае дзённікі праз 5 год пасля смерці?

Сяргей Шапран: Ніяк. Увогуле, ад яго было тры просьбы: падрыхтаваць гэтыя дзённікі, запісаць успаміны, якія мы з ім рабілі ля ложка штодзень, і каб зрабіць кнігу вершаў апошняга часу “Нагаварыцца з зоркамі”.

РР: Гасподзь пачуў яго малітвы і ён трымаў першы асобнік у руках за тры дні да смерці…

Сяргей Шапран: Ён амаль містычна дакладна – да дня – прадчуваў свой зыход. Апошнія дні не мог ані есць, ані піць і, мусіць, думка пра кніжку ў руках трымала яго да апошняга. Абавязаны падзякаваць усім, хто спрычыніўся да яе выдання – рэдактару Уладзіміру Някляеву, фундатару Паўлу Бераговічу. Як і за перавыданне без цэнзуры рамана Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”, які падрыхтаваў да друку. Тут дзякую зноў жа Паўлу Бераговічу, Глебу Лабадзенку, Ігару Вярхоўскаму. Той жа фаліянт з Быкавым на паўтары тысячы старонак, што рабіў 5 год, праляжаў не выдадзены 2 гады.

РР: Але ўжо 5 год ляжыць у тваіх “запасніках” кніга “Уладзімір Някляеў. Незавершаная біяграфія”…

Сяргей Шапран: Калі ў выпадку з двухтомнікам пра Быкава я імкнуўся найперш да дакументальнасці, дык у выпадку з Уладзімірам Пракопавічам, як той казаў сам, “калі нехта не выдумляе паэта, тады ён выдумляе сябе сам”. Ён, думаю, адзін з самых бліскучых міфастваральнікаў уласнай біяграфіі. Зрэшты, у кнігу трэба дапісваць новыя раздзелы – пасля Плошчы 2010. І як ён жа заўважыў, “калі кніга не выдадзеная, яна не адпускае…”

РР: Сяргей, не магу не запытацца, ведаючы, што за гады працы не атрымліваеш ані капейчыны альбо мізэрнасць пры канцы. На што жывеш?!

Сяргей Шапран: Вось так і жыву. Вельмі ўдзячны за падтрымку сваёй жонцы Наташы, майго добрага анёла, за парады і разуменне. І за мову, якую вывучыў у час размоў з ёй і дзядзькам Рыгорам. Генадзь Мікалаевіч прыйшоў на ўручэнне мне прэміі Алеся Адамовіча з ружай, якую працягнуў… жонцы. Якая дазваляе за свой зусім не высокі заробак не шкадаваць, што ты не зрабіў, што мусіў, толькі з-за таго, што не хапіла грошай на ежу. У мяне ж з’явіўся афарызм, паводле якога жыву: калі патрэбы звесці да мінімум, тады магчымасцей да жыцця будзе больш.

РР: Што б пажадаў сабе, слухачам і чытачам Беларускага Радыё Рацыя ў 2017 годзе?

Сяргей Шапран: Паўтару ўслед за Барадуліным: хай шчасціць і хай Бог бачыць усіх Вас! І Беларусь таксама!

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара і з архіва Сяргея Шапрана