Перакладчык твораў Крашэўскага адзначае юбілей



8 лютага пісьменнік, педагог і перакладчык Міхась Кенька адзначае 75-гадовы юбілей.

Ён родам з Пастаўшчыны. У 1965 годзе скончыў Ласіцкую адзінаццацігодку і паступіў на філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута працаваў у кіраўскай раённай газеце «Кіравец», настаўнічаў ва Ўдзелаўскай сярэдняй школе Глыбоцкага раёна і ў Віцебску, быў лектарам, а потым аспірантам, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі.

Шмат гадоў Міхась Кенька адпрацаваў дацэнтам кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Міхась Кенька актыўна пачаў выступаць ў рэспубліканскім друку з рэцэнзіямі і артыкуламі па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, праблемах беларускай прозы і паэзіі яшчэ з 1974 года. Ён напісаў і выдаў

кнігі «Майстэрства Аркадзя Куляшова — перакладчыка» (1983), «Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці» (1987). Прымаў удзел у падрыхтоўцы збораў твораў Міхася Лынькова і Максіма Гарэцкага.

Але любімым заняткам літаратара і навукоўца з’яўляецца пераклад. Ён актыўна перакладае на беларускую мову з рускай, украінскай і польскай моў.

Пераклаў з польскай мовы раман “Крыжакі” Генрыка Сянкевіча, аповесці Юзафа Ігнаці Крашэўскага “Маці каралёў”, “Паперы Глінкі”, “Кароль у Нясвіжы.1784”, “Апошняя са слуцкіх князёў”, “Сцэны ў сейме. Гродна. 1793” і іншыя.

Шчыра віншуем Міхася Паўлавіча з юбілеем. Жадаем яму творчага натхнення, здароўя і плёну на ніве беларускай літаратуры.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]