Першая прэзентацыя “Слонімскіх гісторый”



У Слонімскім краязнаўчым музеі імя Стаброўскага прайшла прэзентацыя новай кнігі беларускага пісьменніка, краязнаўцы, гісторыка і журналіста Сяргея Чыгрына “Слонімскія гісторыі”. На сустрэчу прыйшлі студэнты медыцынскага каледжа і проста зацікаўленыя гісторыяй Слонімшчыны людзі.

Аўтар кнігі расказаў пра самыя розныя выпадкі і этапы напісання кнігі. Уразіў аповяд пра лёс Еўдакіі Казловай, якая ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай роднай мовы. У час Вялікай Айчыннай вайны Еўдакія была спачатку сувязной партызанскага атрада, а потым працавала ў Мінску і вяла разведку ў Беларускай цэнтральнай радзе. Цікава было паслухаць пра Гальяша Леўчыка, пра яго творчасць, жыццё ў Варшаве і трагічны лёс. У кнігу ўвайшлі артыкулы пра жыццё і дзейнасць Валянціна Таўлая, Уладзіміра Пянткевіча, Анатоля Іверса, слонімскіх фатографаў пачатку ХХ стагоддзя, скульптара Леаніда Богдана і шмат іншага.

На прэзентацыю кнігі прыехала спявачка з Менску Таццяна Матафонава-Грыневіч, якая падаравала гасцям сустрэчы некалькі песень на словы беларускіх паэтаў. Хочацца зазначыць, што Сяргей Чыгрын шмат сваіх кніг, у тым ліку і “Слонімскія гісторыі”, падараваў мясцоваму музею.

Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай атмасферы, а госці атрымалі сапраўдную асалоду ад знаёмства з невядомымі старонкамі жыцця знакамітых слонімцаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім