Першая ў свеце „выстава пад гіпнозам” адкрылася ў Гародні



Гарадзенскі фатограф Наталля Салама і арт-гелерэя „У Майстра” прадставілі першую фотавыставу, падчас прагляду якой наведвальнікі пагружаюцца ў гіпноз. Для гэтага пад наглядам доктара ім даюць паслухаць адмысловыя гукі і музыку і потым запрашаюць паглядзець выставу.

Пра ўнікальнасць праекта распавядае аўтар ідэі Міхаіл Ліс:

– Гэтая выстава была выкліканая творамі Наталлі, яе фатаграфіямі, таму што яе фатаграфіі паказваюць гіпнатычныя фенамены, якія з’яўляюцца ў трансавым стане, і гэта вельмі цікава. Таму што можна гэтыя фенамены не толькі ўбачыць, але і адчуць. Гэта будзе ўпершыню, і больш таго, гэтая канцэпцыя выставы з’яўляецца першай у свеце.

На думку аўтара працаў Наталлі Салама, галоўным яе надхненнем для стварэння працаў быў навакольны сусвет.

– Галоўным натхненнем для мяне з’яўляецца прырода. Мне важна адчуваць сябе часткай гэтага свету, часткай прыроды. Аднойчы, калі я гуляла па лесе, мне прыйшла ідэя раскрыць шчыльную сувязь паміж чалавекам і прыродай праз накладанне вобразаў – праз мультыэкспазіцыю. Мультыэкспазіцыя – гэта такі прыём у фатаграфіі, сутнасць якога ў тым, што той самы кадр робіцца некалькі разоў. Атрымліваюцца дзівосныя, унікальныя фатаграфіі. Мне важна было перадаць шчыльную сувязь паміж чалавекам, прыродай і сусветам.

Першыя два дні выставу наведаюць больш за 100 гарадзенцаў, паводле папярэдняга запісу, якія будуць уведзены ў транс падчас наведвання экспазіцыі. Паглядзець экспазіцыю Наталлі Салама можна будзе да 10 ліпеня.   

Беларускае Радыё Рацыя