Першы беларускі зборнік эратычнай прозы



Беларуская літаратура пашырае жанры. У выдавецтве Андрэя Янушкевіча электронным выданнем выйшаў першы ў Беларусі зборнік эратычнай прозы пад назвай “12 актаў”. Кнігу складаюць апавяданні 12 вядомых беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Уладзіміра Някляева, Юрыя Станкевіча, Алены Бравы, Людмілы Рублеўскай, Макса Шчура, Югасі Каляды, Святланы Курс, Алеся Аркуша, Аляксандра І. Бацкеля, Сяргея Прылуцкага, Сяргея Верацілы, Марты Локіс. Укладальнікамі кнігі выступілі Уладзіслаў Ахроменка і Сяргей Календа.

Выдавец Андрэй Янушкевіч не выключае, што сёлета кніга выйдзе і папяровым выданнем.

– Мы хочам паглядзець, які розгалас будзе ў электроннай версіі. І калі кніга будзе карыстацца попытам у чытача, а электронная версія вельмі добра дазваляе вызначыць зацікаўленне ў аўдыторыі той ці іншай кнігай, то цалкам магчыма, калі ўкладальнікі і аўтары кнігі пагодзяцца, то кніга атрымае жыццё і ў папяровым выглядзе.

Паводле Андрэя Янушкевіча, кніга выклікала цікавасць у чытачоў. Толькі ў першыя два дні продажу было прададзена больш 20 электронных кніг.

162955

Беларускае Радыё Рацыя