Першы зомбі-хорар прэзентавалі ў Гародні



„1813” – менавіта такую назву атрымала новая кніга маладога пісьменніка, блогера і краязнаўцы з Маладзечна Уладзіміра Садоўскага.

Паводле кнігі забітыя жаўнеры арміі Напалеона паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. І галоўны герой Міхал Клеафас Агінскі бярэ ў рукі зброю і змагаецца з хадзячымі мерцвякамі за свабоду роднага краю.

Кажа Уладзімір Садоўскі:

— У час падзеяў вайны 1812 года была адна з апошніх бітваў. Напалеонаўскія войскі адступалі і пад Маладзечна была бітва з расейскімі войскамі і было шмат непахаваных жаўнераў. Прычым гэта афіцыйная гісторыя, якая сцвярджае, што ледзь не да 1814 года там знаходзілі гэтыя парэшткі на палях. І я падумаў, што гэта вельмі добрая глеба для паўстання «замбакоў».

Кніга выйшла з друку з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі ў колькасці 500 асобнікаў і ўжо паспела атрымаць шэраг пазітыўных водгукаў. Як лічыць сам аўтар, гэта адзін са спосабаў прыцягнуць увагу да гісторыі роднага краю і беларускай мовы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня