П’еса іспанскага класіка пастаўлена на слонімскай сцэне



Слонімцы, а таксама іншыя аматары тэатральнага мастацтва Гарадзеншчыны, пачынаючы з 15 снежня, пабачаць новы спектакль “Дом Бернарды Альбы” Слонімскага драматычнага тэатра па п’есе іспанскага класіка Федэрыка Гарсіі Лоркі. Спектакль паставіў рэжысёр тэатра Сяргей Яскевіч.

Сюжэт спектакля незвычайны. Пасля смерці мужа Бернарда Альба аб’яўляе ў доме траур і разам з пяццю дочкамі хаваецца ў сценах свайго дома. Маці абмяжоўвае свабоду дзяўчат, якія не могуць распараджацца сабой і адчуваюць сябе, нібы іх пахавалі жывымі. Да старэйшай з сёстраў сватаецца Пепе,“самы відны тутэйшы хлопец”. Але сапраўднае каханне ён адчувае да малодшай Адэлі, якая таксама моцна закахалася ў яго. Вось тут і пачынаецца драма жыцця. У спектаклі толькі жаночыя героі, якія выконвае ансамбль вядучых актрыс тэатра і вядома ж маладых.

На здачы прэм’еры спектакля ў Слонімскім драмтэатры пабываў беларускі тэатральны рэжысёр прафесар Рыгор Баравік, які станоўча выказаўся пра новую працу калектыву і адзначыў, што спектакль у пастаноўцы слонімскіх артыстаў зацікавіць многіх гледачоў і прынясе пэўнае задавальненне. Тым больш, што рэжысёр спектакля Сяргей Яскевіч і выканаўца Бернарды Альбы актрыса Вікторыя Міхальчык – былыя студэнты вядомага рэжысёра.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара