Пінчукі – удзельнікі Варшаўскага паўстання



У Польшчы адзначаюць 76-ю гадавіну Варшаўскага паўстання супраць нямецкіх акупантаў у 1944 годзе, а таксама ўшаноўваюць памяць тых, хто загінуў у гэтым узброеным змаганні. Гэта адна з найважнейшых падзей у найноўшай гісторыі Польшчы.

Паўстанне выбухнула 1 жніўня 1944 года і трывала два месяцы. Яно стала адным з найбуйнейшых аперацый антынацысцкага падполля ў Еўропе. З’яўляецца сімвалам мужнасці і рашучасці польскага народа ў змаганні за незалежнасць. 

Сярод тысяч удзельнікаў, воляй лёсу, апынуліся і жыхары Пінска. Гэта дзясяткі прадстаўнікоў інтэлігенцыі, моладзі. У змаганні адзначыліся пінскія сем’і Сташэвічаў і Пшысецкіх. Важную ролю адыграў і пінскі біскуп Казімір Букраба (1885-1946), менавіта на яго постаці засяродзім увагу.

Біскуп Букраба ў момант візіту ў Гайнаўку, чэрвень 1937 года, nac.gov.pl

Другі кіраўнік Пінскай каталіцкай дыяцэзіі (епархіі) нарадзіўся 23 лістапада 1885 года ў Гародні. У 1908 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную семінарыю, дзе вывучаў філасофію і тэалогію. Праз год у Кракаве атрымаў святарскае пасвячэнне. Першыя тры гады служыў у Менску, а з 1912 па 1917 год знаходзіўся ў Пінску пры касцёле Карла Барамеуша. Акрамя душпастырскай дзейнасці, ксёндз Казімір вёў таксама заняткі рэлігіі ў школах. Дзякуючы яго намаганням у свой даўні пінскі калегіум вярнуліся езуіты. Пасля палескай сталіцы, Букрабе давялося служыць у Наваградку і Берасці, але ў 1928 годзе лёс зноў прывёў у Пінск.

З 1932 па 1946 год ачольваў Пінскую дыяцэзію, праўда, увосень 1939 года Букраба пакінуў горад над Пінай. Спачатку жыў у Львове, а пасля ў Варшаве. За час свайго служэння ў біскуп Казімір Букраба стварыў 20 новых парафій і 2 дэканаты, надаваў вялікую ўвагу працы духоўнай семінарыі. Пры ім распачалі сваю дзейнасць у дыяцэзіі манаскія супольнасці марыянаў, вербістаў і ўршулянак. У 1938 годзе арганізаваў рэстаўрацыю цудадзейнага абраза Божай Маці “Каралевы Палесся”, якая і зараз захоўваецца ў мястэчку Лагішын у касцёле святых Пятра і Паўла.

Візіт у Баранавічы, верасень 1934 года, nac.gov.pl

Асаблівую ўвагу Казімір Букраба надаваў адукацыйным працэсам. Рэфармаваў створаную ў 1925 годзе Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. У 1935 годзе ў бібліятэцы навучальнай установы налічвалася каля 23 тысяч кніг. Біскуп актыўна ўдзельнічаў у стварэнні школьнай сістэмы на Піншчыне і прасоўваў ідэю выхавання маладога пакалення ў духу веры і патрыятызму.

Біскуп на паседжанні школьнай камісіі ў Пінску, чэрвень 1937 года, nac.gov.pl

Жыццё людзей ксёндз ратаваў не толькі словам да Госпаду, але і рэальнымі справамі. Ратаваў усіх, не падзяляючы па веравызнанні або нацыянальнасці. У гады Другой сусветнай вайны дапамагаў габрэйскаму насельніцтву пазбегнуць смерці. Хаваў ад нацыстаў нявінных грамадзян. Адкрыта заступаўся за арыштаваных, за што неаднаразова сам трапляў у вязніцу. За такія ўчынкі біскуп здабыў вялікую павагу сярод вернікаў і мясцовага насельніцтва. Адно з мноства доказаў – ліст выратаванага пінчука з Палестыны:

(…) Велізарная колькасць падзяк айцу Казіміру Букрабе. Праслаўляем Яго малітвамі і песнямі. Дабрыня, справядлівасць і праведнасць яго багацце. «…» Ён не дзяліў па нацыянальнасці, глядзеў толькі на сумленнасць, справядлівасць і любоў. Ён быў нам абаронцам, як маці для сына. Хай ён квітнее, хай жыве доўга і шчасліва. Няхай імя яго славіцца вечна…

У атачэнні вернікаў, вясна 1936 года, nac.gov.pl

У 1942 годзе пінскі біскуп пасля чарговага арышту апынуўся ў Варшаве. На працягу ўсёй акупацыі нацысты лічылі, што ён мае сувязь з падполлем, але на дзіва не мелі таму доказаў, а яно так і было. Пасля шэрагу арыштаў ягонае здароўе моцна пахіснулася, але душпастыр не сышоў на адпачынак, а працягнуў служэнне.

Букраба далучыўся да Варшаўскага паўстання яшчэ на этапе падрыхтоўкі ўзброенай акцыі. Ён дапамагаў хаваць зброю. На працягу ўсяго ўзброенага змагання хаваў ад пераследу ўдзельнікаў. На той момант стан яго здароўя блізкія людзі ацэньвалі, як крытычны. Неўзабаве біскупа перавозяць у Лодзь пад нагляд сясцёр уршулянак. Тут 7 траўня 1946 года Казімір Букраба адышоў у вечнасць на 61 годзе жыцця. Ён марыў, што напрыканцы зямнога шляху яму яшчэ давядзецца вярнуцца ў Пінск, які стаў для яго родным горадам, дзе адбывалася ягонае станаўленне як аўтарытэтнага рэлігійная дзеяча. Акрамя ўсяго на пінскіх старажытных могілках пахаваныя бацькі біскупа. З аб’ектыўных чыннікаў гэтага не здарылася. Спачатку Казіміра Букрабу пахавалі ў Лодзі, а ў 1967 годзе труну перавезлі ў катэдру Найсвяцейшай Тройцы польскага Драгічына.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя.