Пінск стане сталіцай лютнёвай музыкі ў Беларусі



Упершыню ў Пінску адбудзецца агульнабеларускі фэст старажытнай і лютнёвай музыкі «Старажытныя ўзоры». Творы сярэднявечча і эпохі Адраджэння загучаць у горадзе над Пінай 11-га і 12-га лістапада. Да сярэдзіны кастрычніка свае заяўкі на ўдзел павінны падаць вучні ўстаноў Міністэрства культуры і адукацыі Беларусі, а таксама замежных краін.

Выкладчыца музыкі Зоя Клімовіч адзначае, што музыка Адраджэння, гэта сусветнае багацце культуры.

– Гэта складнік агульначалавечай культуры. І пазбавіць чалавека гэтага – гэта збядніць яго жыццё і не даць яму дакрануцца да нейкіх вяршыняў чалавекага мыслення, інтэлекту, духа. Гэта, калі казаць высокімі словам. А калі мець на ўвазе нашае жыццё, то я думаю, што гэта адно з нямногіх сфераў дзейнасці, дзе чалавек можа адчуваць сябе і свабодным, і раскрыць свой творчы патэнцыял. І гэта вельмі цікава.

Напачатку года было заяўлена, што сёлета Пінск стане сталіцай лютнёвай музыкі ў Беларусі. Попыт на сярэднявечную культуру моцна расце сярод моладзі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя