Пінску спрабуюць вярнуць гістарычны выгляд



З нагоды берасцейскіх абласных “Дажынак-2014”, якія сёлета адбудуцца ў Пінску, гарадскія ўлады вырашылі ўсталяваць гістарычную справядлівасць. У самым цэнтры горада над Пінай ідзе будаўніцтва знесенага ў канцы 1970-х гадоў гатэлю, які значыўся на вуліцы Леніна пад нумарам адзін. З тых часоў нумарацыя пачыналася з лічбы два, а на месцы старажытнага будынка раслі кветкі.

Вяртанне знішчанай спадчыны мясцовыя аматары мінуўшчыны і прадстаўнікі грамадскасці вітаюць, але, на думку краязнаўцы Эдварда Злобіна, трэба змяняць увесь выгляд пешаходнай зоны ў гістарычным цэнтры:

–   Калі турысты ці госці горада праходзяць па ўлюбёных месцах, у іх узнікае шмат пытанняў. Штосьці спрабуюць падрамантаваць, правесці рэстаўрацыю. Але вуліца, якая была калісьці аб’яўлена пешаходнай, так ёй і не стала. Гэта заўсёды скопішча транспарту, тут лёгка можна пад матацыкл патрапіць ці аўтамабіль. Для таго, каб зацікавіць тых жа людзей, якія гуляць па горадзе, магчымасцю лепшага ўспрымання горада, трэба змяніць старое пакрыццё на вуліцы, замяніць гэтыя дапатопныя электрычныя ліхтарныя слупы, якія проста не ўпісваюцца ў атмасферу старога горада.

У гарадскім архітэктурным упраўленні адзначаюць, што яшчэ ў 2007 годзе быў зацверджаны план капітальнай рэстаўрацыі галоўнай гарадской плошчы і гістарычнай зоны, але ягонае ажыццяўленне вядзецца з паступленнем фінансаў.

[Not a valid template]

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск