Полацк быў тэатральным цэнтрам Беларусі?



Полацкія краязнаўцы, працуючы ў архівах, адшукалі шмат матэрыялаў, якія сведчаць пра Полацк, як тэатральны цэнтр Беларусі. Напачатку 20 стагоддзя з Вільні ў Полацк пераязджае прадпрымальнік Марк Аронаў, які будуе ў Полацку некалькі тэатральных пляцовак. Менавіта з Полацку пачынаўся творчы шлях славутай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага.

Кажа краязнаўца Наталля Сяргеенка:

– Ужо ў 1910 годзе сюды прыязджае трупа Ігната Буйніцкага. Як піша „Наша Ніва”, ад Полацка пачаўся гастрольны шлях першай прафесійнай тэатральнай трупы. Зноў такі гэта дзякуючы вось тым тэатральным пляцоўкам. Сярод іх пляцоўка „Благородного собрания” і сад „Буффъ” каля Мікалаеўскага вакзала, дзе многа разоў выступала трупа Ігната Буйніцкага.

Каб ушанаваць гэтую слаўную старонку культурнага жыцця Полацка, мастак-дызайнер Ігар Куржалаў распрацаваў праект адмысловага арт-аб’екта, прысвечаны трупе Ігната Буйніцкага. У Полацкім райвыканкаме гэтую ідэю падтрымалі, цяпер справа за Полацкім універсітэтам, бо пляцоўка, дзе мяркуецца ўсталяваць арт-аб’ект, сёння належыць універсітэту.

Беларускае Радыё Рацыя