Позірк у мінулае



На гарадзенскай выставе “Позірк у мінулае”, што адкрылася ў абласной бібліятэцы імя Карскага, – рэдкія дакументы і факты, прысвечаныя гораду і яго жыхарам, унікальныя фотаздымкі, што паказваюць мала вядомыя старонкі гісторыі нашага горада.

Пра выставу распавядае адна з арганізатарак Святлана Рапецкая – кіраўнік аддзела перыядычных выданняў бібліятэкі.

– Гэтая выстава адлюстроўвае, чым жыла Гародня, паказвае жыхароў горада, якія яны былі напрыканцы ХІХ і ў пачатку ХХ стагоддзяў. Тут прадстаўлены здымкі з калекцыі Сівенкі Аляксандра Віктаравіча, Госцева Алеся Пятровіча. Таксама мы зрабілі віртуальную выставу з калекцыі Саяпіна.

Наведнікі выставы ўзгадалі нядаўна пайшоўшага з жыцця Віктара Саяпіна хвілінай маўчання. Апроч здымкаў, на выставе можна пабачыць унікальныя выданні, прысвечаныя фатаграфіі і фотасправе.

Выставу можа наведаць кожны жадаючы, які прыйдзе ў аддзел перыядычных выданняў, які месціцца ў Новым Замку.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня