Пра Францыска Скарыну і космас гутарылі на Дзятлаўшчыне



Дзве цікавыя сустрэчы адбыліся на Дзятлаўшчыне. Вучні і настаўнікі Лявонавіцкай базавай школы і Казлоўшчынскай сярэдняй школы шчыра віталі паэта, журналіста і публіцыста Міхася Скоблу і спявачку, барда Таццяну Грыневіч-Матафонаву.

Па словах вучняў і настаўнікаў, у іх школах даўно не выступалі сталічныя паэты і спевакі. Міхась Скобла адразу зацікавіў усіх зборнікам вершаў Васіля Зуёнка “Нача”, які пабываў у космасе. Па словах выступоўцы, менавіта гэты зборнік паэзіі беларускі касманаўт Уладзімір Кавалёнак браў з сабой у космас. А яшчэ Міхась Скобла распавёў пра Францыска Скарыну і беларускае кнігадрукаванне, з нагоды 500 угодкаў.

Выступленне паэта дапаўняла спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава, якая прыгожа выканала беларускія народныя песні і песні на словы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Падчас сустрэч госці ў школах правялі некалікі літаратурных конкурсаў, пераможцы якіх атрымалі памятныя сувеніры.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён Фота аўтара