Пра шчаўкунчыка і мышынага караля



Першымі гледачамі перад Калядамі і Новым годам спектакля па п’есе Таццяны Уфімцавай, якую яна напісала паводле казкі Гофмана “Шчаўкунчык і мышыны кароль”, на сцэне Слонімскага драматычнага тэатра паглядзяць слонімскія дзеці. Ужо 11 снежня яны ўбачаць прэм’еру спектакля “Шчаўкунчык” у пастаноўцы рэжысёра Вікторыі Міхальчык.

Шмат прыемных і трывожных, сумных і вясёлых хваляванняў гледачы адчуюць, калі сустрэнуцца з героямі казкі, дзе многа музыкі і прыгод. Яны пабываюць у чароўным свеце маленства, якое будзе напоўнена яркімі фарбамі і цудамі, даведаюцца аб супрацьстаянні добрых і нядобрых сілаў.

А ўсе гэтыя падзеі адбываюцца тады, калі напярэдадні Калядаў у дом, дзе жывуць дзве маленькія дзяўчынкі, прыходзіць майстар Дросельмэйер. Адной дзяўчынцы ён падараваў ляльку, другой – шчаўкунчыка. Менавіта гэта шчаўкунчык і распачынае ўсе сцэнічныя прыгоды са сваімі казачнымі героямі.

Яны на працягу ўсяго спектакля не даюць сумаваць гледачам.

У новым 2017 годзе спектакль “Шчаўкунчык” паглядзяць дзеці з іншых рэгіёнаў Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны.

Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя