Пра забытага знахара Ярмаловіча і генерала Малахоўскага



Свет пабачыў першы нумар 2021 года краязнаўчага электроннага  выдання “Слонімскі край”, які рэдагуе гісторык Сяргей Ёрш.

Нумар распачынаецца цікавым артыкулам пра забытага слонімскага знахара Тэадора Ярмаловіча, які жыў у сярэдзіне XIX стагоддзя. У Тэадора была добра медыцынская адукацыя, ён у свой час скончыў Віленскі ўніверсітэт. Жыў на Слонімшчыне і лячыў тутэйшы люд.

Некалькі старонак у новым выданні адведзена жыццю і дзейнасці слонімскага генерала Казіміра Малахоўскага, які вучыўся ў Варшаве ў Каралеўскай артылерыйскай і інжынернай школе, а з 1784 года знаходзіўся на вайсковай службе. Менавіта Тадэвуш Касцюшка ў 1794 годзе зрабіў артылерыста Малахоўскага капітанам, а пасля маёрам. Ён паказаў сябе адважным і здольным камандзірам у бітве пад Рацлавіцамі. Казімір Малахоўскі  ўдзельнічаў у стварэнні арміі Герцагства Варшаўскага, быў адзначаны кавалерыйскім крыжам ордэну Віртуці Мілітары. А ў 1812 годзе стаў брыгадным генералам, паказаў сябе выдатным камандзірам на рацэ Бярэзіне, дзе прыкрываў пераправу рэшткаў арміі Напалеона. Ён быў камендантам крэпасці Модлін. Адтуль і пайшоў на адпачынак.

Пра яшчэ аднаго забытага слонімца згадалі на старонках “Слонімскага краю”. Гэта Уладзіслаў Геншаль, які быў у 1927-1930-х гадах слонімскім старастам.  

Чытачы ў свежым нумары прачытаюць таксама пра Альбярцін у першай палове 1830-х гадоў, пра слонімскі футбол у міжваенны час, пра тое, як рэкламавалі Слонімшчыну ў 1930-я гады, і шмат іншых цікавых публікацый.

Першы сёлетні і ранейшыя нумары “Слонімскага краю” можна прачытаць тут.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя