Pradmova прадставіла абноўленую праграму



Беларускі фестываль інтэлектуальнае кнігі Pradmova, што пачнецца неўзабаве, вытрымаў дзве хвалі крытыкі, яшчэ не пачаўшыся.

Спачатку ад удзелу пачалі адмаўляцца ўкраінскія аўтары, якіх запрасілі арганізатары, з-за ролі Беларусі ў вайне Расеі з Украінай. Другая хваля абрынулася, калі ў апублікаванай праграме пабачылі расейскіх, хай сабе і антыпуцінскіх, спікераў. У прыватнасці, кінакрытыка Антона Доліна.

Сёння Pradmova прадставіла абноўленую праграму, адкуль „ніхто не быў выключаны паводле жадання арганізатараў”. Са спісу ўдзельнікаў зніклі каля дзесятку імёнаў: беларускія выступоўцы Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Ганна Севярынец, Максім Жбанкоў, Алесь Плотка, Стась Карпаў, Артур Камароўскі, украінскі паэт Вячаслаў Лявіцкі, харкаўскі плэйбэк-тэатра „Вахтеры” і яшчэ шэраг выступоўцаў з Украіны, а таксама нямецкі гісторык Фэлікс Акерман. Але Долін застаўся.

Арганізатары падкрэсліваюць: «Мы разумеем складаную сітуацыю, у якой сёння знаходзіцца наш рэгіён, рашуча выступаем супраць вайны і за адназначны вывад расейскіх войскаў як з тэрыторыі Украіны, так і з тэрыторыі Беларусі. Таксама падтрымліваем усіх творцаў з выразнай антываеннай і антыімперскай пазіцыяй. На аснове ўласных перакананняў чальцы каманды PRADMOVA асабіста і ў межах сваіх праектаў паслядоўна выступаюць супраць любых форм дыскрымінацыі і цэнзуры. Мы лічым недапушчальным выключэнне ўдзельнікаў з праграмы на падставе іх нацыянальнасці, этнічнага паходжання, мовы, колеру скуры ці рэлігійных перакананняў».

Як і планавалася, Pradmova пройдзе ў чатырох гарадах: 4-5 чэрвеня – Тбілісі, 12 чэрвеня – Кракаў, 18-19 чэрвеня – Варшава, 25-26 чэрвеня – Вільня + анлайн-падзеі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]