Праект „Чытаем па-беларуску з velcom” завітаў у Бабруйск



Маштабны адукацыйны праект „Чытаем па-беларуску з velcomзавітаў да вучняў гімназіі № 2 у Бабруйску.

У ролі настаўнікаў для малодшых школьнікаў выступілі музыка Андрусь Такінданг, які разам з вучнямі праспяваў некалькі песень гурта „Рэха”, а таксама вядоўца і знакаміты аматар падарожжаў Юрый Жыгамонт:

– Адчуваю сябе сейбітам. Гэтыя дзеткі, яны ж як зерне, што ў зямлю трапіць, тое з яго і вырасце. Менавіта з дзеткамі трэба займацца, выхоўваць іх, прывіваць ім любоў да Радзімы, да сваёй гісторыі, сваёй мовы. Любіць адзін аднаго, свайго бліжняга.

„Гэты праект ахапіў ужо больш за чатырнаццаць тысяч малодшых школьнікаў у розных абласцях Беларусі”, – адзначае каардынатарка ініцыятывы Катажына Валкоўская:

– Зараз у Магілёўскай вобласці ініцыятыва ахопіць 25 школ з розных гарадоў – гэта і Горкі, і Асіповічы, Крычаў і Бабруйск. І такім завяршэннем стане вялікі ўрок у Магілёве.

Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» стартаваў ў Менску ў кастрычніку 2015 года. Галоўная яго мэта – папулярызаваць чытанне беларускай літаратуры і далучыць дзяцей да нацыянальнай культуры.

 

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара