BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Прафесар роднай мовы

14 студзеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца, прафесара Уладзіміра Лазоўскага (1934-2007).

Уладзімір Лазоўскі нарадзіўся ў вёсцы Нянькава Наваградскага раёна. У 1951 годзе, пасля заканчэння Любчанскай сярэдняй школы, паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Атрымаўшы дыплом філолага, Уладзімір Міхайлавіч два гады працаваў на Віцебшчыне – спачатку настаўнікам, а потым дырэктарам Слабадской сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна. У 1958 годзе ён стаў аспірантам кафедры беларускай мовы БДУ. 3 гэтага часу і пачаўся адлік працоўнай біяграфіі Уладзіміра Лазоўскага на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1966 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Юрыдычная тэрміналогія ў мове беларускіх пісьмовых помнікаў XV-XVII стст.»; у 1972 годзе яму прысвоена званне дацэнта, а у 1992 годзе – вучонае званне прафесара.

Уладзімір Лазоўскі чытаў студэнтам курс сучаснай беларускай мовы, спецкурсы па праблемах беларускай лексікалогіі, фразеалогіі, лексікаграфіі. Ён унёс значны ўклад у развіццё тэарэтычных праблем беларускай мовы і беларускай лінгвадыдактыкі. У сааўтарстве апублікаваў праграмы па беларускай мове для студэнтаў розных аддзяленняў, праграмы спецыяльных курсаў і спецсемінараў для студэнтаў-філолагаў, вучэбныя дапаможнікі і падручнікі: «Сучасная беларуская мова. Лексікалогія. Фразеалогія» (1984), «Сучасная беларуская мова: Практычныя заняткі» (1989), «Матэрыялы для слоўніка менска-маладзечанскіх гаворак» (1975, 1979, 1985) і іншыя. Вынікам шматгадовага вывучэння антанімічнай лексікі сучаснай беларускай мовы стаў «Слоўнік антонімаў беларускай мовы: Канкрэтныя выпадкі ўжывання» (1994) – першая ў беларускім мовазнаўстве лексікаграфічная праца такога тыпу. Усяго на творчым рахунку Уладзіміра Лазоўскага больш за 80 навуковых прац. Пад яго кіраўніцтвам былі падрыхтаваны і абаронены дзве кандыдацкія дысертацыі.

Уладзімір Лазоўскі быў адным з першых, хто наладжваў навуковыя сувязі з філолагамі Йенскага і Берлінскага ўніверсітэтаў. На працягу 1981-1985 гадоў ён выкладаў беларускую мову ў Берлінскім універсітэце, за плённую працу быў узнагароджаны залатым медалём Гердэра. Амаль 30 гадоў (1966-1995) Уладзімір Лазоўскі працаваў намеснікам дэкана філалагічнага факультэта БДУ. Усе свае сілы і веды ён аддаваў удасканаленню вучэбна-выхаваўчага працэсу, павышэнню якасці падрыхтоўкі беларускіх спецыялістаў-філолагаў.

Беларускае Радыё Рацыя