Прах Магдалены Радзівіл пахавалі ў Менску



Прах Магдалены Радзівіл з роду Завішаў пахавалі ў Менску. Урачыстая цырымонія пахавання прайшла ў касцёле Святой Тройцы на Залатой Горцы. На пачатку дваццатага стагоддзя мецэнатка Магдалена Радзівіл фінансавала беларускі рух.

Гаворыць беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў:

– У гісторыі Магдалена Радзівіл застаецца, як выдатная мецэнатка, якая падтрымлівала беларускія выдавецтвы, якая фундавала першыя кнігі нашых класікаў. Вось уявім сабе, што не выйшаў “Вянок” Максіма Багдановіча, фундатаркай якога была Магдалена Радзівіл, як бы склаўся далей лёс нашай літаратуры.

Магдалена Радзівіл памерла ў Швейцарыі ў 1945 годзе, яе апошняй воля было знайсці вечны спачын у роднай Беларусі. Працягвае гісторык мастацтва, культуролаг Сяргей Харэўскі:

– Гэткая была яе ўласная воля. Яна хацела быць пахаваная менавіта ў Менску, які стаў сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі. Да яе стварэння не ў малой ступені спрычынілася Магдалена, бо яна спансавала многія акцыі беларушчыны. Яе постаць і яе дом былі бастыёнамі, апірышчам беларушчыны.

Магдалена Радзівіл фінансавала выдавецтва „Загляне сонца і ў наша аконца”, каталіцкую газету „Беларус”, а таксама выданне першых кніг Канстанцыі Буйло і Максіма Багдановіча.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара