Праспект Незалежнасці – кандыдат у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА



Беларусь прапануе ўнесці ансамбль праспекта Незалежнасці ў Менску ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык.

Паводле яго слоў, рашэнне было прынятае 10 лютага на пасяджэнні нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, дзе аб’ект быў уключаны ў папярэдні спіс.

Як расказаў Мірончык, ансамбль праспекта Незалежнасці прапануюць унесці ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў якасці серыйнай трансгранічнай намінацыі „Паваенная сацыялістычная архітэктура краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы”.

„Гэта комплексная заяўка. Я спадзяюся, у нас усё атрымаецца”, — сказаў Мірончык.

Як раней паведамляла БелаПАН начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, разам з цэнтральнай магістраллю сталіцы на статус аб’екта асобнай культурнай і гістарычнай значнасці прэтэндуюць Карл-Маркс-алея ў Берліне, вуліца Маршалкоўска ў Варшаве, вуліца Храшчацік у Кіеве і іншыя аб’екты.

„У Менску найбольш поўна ўдалося рэалізаваць канцэпцыю галоўнай магістралі сталіцы сацыялістычнай дзяржавы. Акрамя таго, праспект найбольш добра захаваўся як цэласны ансамбль. Ён будзе цэнтрам гэтай намінацыі. Гэта меркаванне ўсіх экспертаў”, — сказала Сташкевіч.

Аднак, паводле яе слоў, гэта не значыць, што ўвесь праспект будзе ўключаны ў спіс. Хутчэй за ўсё, будуць прадстаўленыя менавіта тыя ансамблі, якія найбольш ярка раскрываюць агульную канцэпцыю.

Як патлумачыла Сташкевіч, жаданне прафінансаваць працэс стварэння намінацыі выказаў нямецкі бок. У Нямеччыне функцыянуе адмысловы фонд для рэалізацыі падобных праектаў.

„Ад нас таксама нейкі ўклад спатрэбіцца, але зусім нязначны. Можа быць, ён будзе звязаны са здымкай фільма ці падрыхтоўкай архіўных дакументаў. Увогуле, гэта не такія вялікія грошы. І калі ёсць такое жаданне нямецкага боку, то трэба скарыстацца”, — адзначала спецыяліст Інстытута культуры.

На яе думку, ад уключэння сталічнага праспекта Незалежнасці ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Беларусь толькі выйграе.

Па-першае, гэта будзе спрыяць папулярызацыі іміджу краіны за мяжой. Па-другое, гэта прыцягне турыстаў у сталіцу, што спрыяльна адаб’ецца на сферы паслуг і гасцінічным бізнесе. Па-трэцяе, гэта дазволіць захаваць аблічча горада ад далейшай камерцыйнай забудовы.

На гэты момант у спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА значацца чатыры аб’екты з Беларусі: Белавежская пушча, Мірскі замак, геадэзічная дуга Струвэ і палацава-паркавы комплекс Радзівілаў у Нясвіжы.

belapan.by