Працягваецца акцыя дапамогі паэту Алесю Чобату
Гарадзенцы праз сацыяльныя сеткі і праз кампанію Талака.бай збіраюць грошы сляпому паэту Алесю Чобату, які жыве ў стогадовай хаце ў Скідзелі. За тыдзень сабрана больш за тысячу рублёў.
Адным з тых, хто далучыўся да кампаніі збору сродкаў, з’яўляецца гарадзенскі музыка і журналіст Алесь Дзянісаў:
— Я цалкам падтрымліваю гэтую акцыю, бо мы ўвесь час павінны думаць пра людзей, якім мы можам дапамагчы хоць нечым. Чобат акурат такі чалавек. Гэта не проста чалавек, а яшчэ і выдатны паэт, таму і ўвага да яго большае дый ён і заслугоўвае гэтай увагі.
Алесь Чобат аслеп пасля аперацыі ў 2013 годзе. Паэт пры жыцці стаў легендай, а яго творы — песнямі розных беларускіх гуртоў. Ён аўтар каля дзясятка кніг прозы і паэзіі. Алесь Дзянісаў некалькі дзён таму пачаў запіс альбому на словы выбітнага земляка.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: Белсат