Праваслаўная царква просіць улады Беларусі ўвекавечыць памяць мітрапаліта Філарэта
Сінод Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) просіць улады ўвекавечыць памяць мітрапаліта Філарэта, першага патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў журнале пасяджэння сінода № 4 ад 20 лютага, які быў апублікаваны пасля зацвярджэння 13 красавіка Святым сінодам РПЦ.
У журнале нагадваецца, што ў 2006 годзе мітрапаліту Філарэту было прысвоенае званне Героя Беларусі. Сінод БПЦ пастанавіў звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі і ўрада з хадайніцтвам аб увекавечанні памяці Філарэта ў адпаведнасці з законам № 3599-XII ад 21 лютага 1995 года „Аб статусе Герояў Беларусі, Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай Працы, поўных кавалераў ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы”.
Сінод таксама заснаваў мемарыяльную камісію на чале з архіепіскапам Навагрудскім і Слонімскім Гурыем, якой даручана распрацаваць прапановы па мерах ушанавання памяці мітрапаліта Філарэта.
Па рашэнні сінода імя першага патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі прысвоенае бібліятэцы Мінскай духоўнай акадэміі. Акрамя таго, заснаваны штогадовыя фестываль памяці мітрапаліта Філарэта і спецыяльная штогадовая прэмія яго імя для лепшых выкладчыкаў і студэнтаў вышэйшых духоўных навучальных устаноў БПЦ.
Філарэт (Кірыл Вахрамееў) узначальваў мінскую мітрапаліцкую кафедру 35 гадоў — з 1978 па 2013 год. Дзякуючы яго намаганням у Беларусі былі адноўлены гістарычныя і ўтвораны новыя епіскапскія кафедры, пачалося адраджэнне духоўнага жыцця ў раней закрытых храмах і манастырах, былі ўтвораны сотні новых парафіяльных абшчын.
У 1989 годзе па яго ініцыятыве Архірэйскі сабор РПЦ утварыў Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату.
У 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (пасля — Рэспублікі Беларусь), старшынёй камісіі ВС па пытаннях дэпутацкай этыкі. Са студзеня па снежань 1991 года быў народным дэпутатам СССР.
У 2009 годзе праваслаўны іерарх быў адным з трох кандыдатаў на пасад патрыярха Маскоўскага, аднак ён зняў сваю кандыдатуру на карысць Кірыла, на той момант мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага, а цяпер — кіраўніка РПЦ.
31 траўня 2010 года Святы сінод адхіліў прашэнне мітрапаліта Філарэта аб сыходзе яго на адпачынак у сувязі з дасягненнем 75-годдзя. Паўторнае прашэнне было задаволена 25 снежня 2013 года. Пасля сыходу на адпачынак Філарэт быў названы ганаровым патрыяршым экзархам усяе Беларусі.
Мітрапаліт Філарэт памёр 12 студзеня гэтага года на 86-м годзе жыцця ў менскай бальніцы ад ускладненняў, выкліканых COVID-19. Пахаваны на брацкіх могілках Свята-Успенскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра ў Жыровічах (Слонімскі раён Гарадзенскай вобласці).
