Праваслаўныя святкуюць дзень нараджэння Яна Хрысціцеля



Сам Езус сказаў, што «сярод народжаных не было большага за Яна Хрысціцеля», якога называюць яшчэ Папярэднікам. Ён быў пасланы Госпадам для абвесткі пра прыйсце Хрыстова, кажа святар Віталь Ханавец, клірык Петрапаўлаўскага храма Бярозы:

– Вялікі прарок Божы, якога Гасподзь пасылаў да свайго прыходу ў свет, каб той падрыхтаваў сэрцы людзей да прыняцця пропаведзі Хрыста. Папярэднік хрысціў Госпада на Іардане. І такім чынам, Хрыстос, прыняўшы хрэст ад Яна, пачаў сваё грамадскае служэнне. Будучы прарокам Божым, ён не баяўся нікога, смела казаў праўду.

З днём нараджэння святога Яна Хрысціцеля звязана шмат цікавых звычаяў. Бярозаўскія вернікі нясуць свяціць у храм зёлкі, ідуць у лес за ягадамі. Гэта вядзецца здаўна, кажуць вернікі: – Вяночкі раней плялі, па 12 вяночкаў з рознага зелля. А цяпер проста рознае зелле асвячаем. – У гэты дзень мы, калі былі дзецьмі, хадзілі па чарніцы. Пасля іх сушылі. А мамы нашы хадзілі ў храм.

У гонар гэтага вялікага прарока ўзведзена базыліка святога Яна на Латэране ў Рыме. На месцы жылля святых Альжбеты і Захарыі – бацькоў св. Яна – узведзена святыня. Адным з самых вядомых санктуарыяў лічыцца базыліка ў Дамаску, дзе знаходзіцца магіла, у якой пахавана галава святога.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза