Прэм’ера кліпа „Хлопцы-балахоўцы” гурта „Дзецюкі”



Прэм’еру кліпа „Хлопцы-балахоўцы” музыкі прымеркавалі да Дня герояў – дня, калі афіцыйна пачалося Слуцкае паўстанне 1920 года.

Менавіта падчас здымак відэа да „Хлопцаў-балахоўцаў” гурт быў затрыманы ў поўным складзе. Але здаровы сэнс узяў уверх – музыкаў адпусцілі, а канфіскаваныя відэаматэрыялы і частку рэквізіту пасля праверкі аддалі рэжысёру роліка Антону Цялежнікаву, таму выхад роліка адбываецца як і запланавана – 27 лістапада на тэлеканале „Белсат”.

„Гэты твор напісаны ў гонар тых ваяроў, якія ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя імкнуліся бараніць незалежнасць маладой дзяржавы БНР. Яна напісана ў памяць пра чалавека, пад кіраўніцтвам якога жаўнеры ў разы уступаючы колькасна, далі бой чырвонай арміі, якая несла „светлае будучае”. Таму мы прэзентуем кліп на Дзень Герояў”, – кажа тэкставік гурта Дзяніс Жыгавец.

Гэта ўжо чацвёрты кліп гарадзенцаў, зроблены сёлета. Да гэтага музыкі прадставілі відэаўвасабленне да песень „Сумнае рэгі”, „Лясныя браты” і „Ладдзя роспачы”. „Мы не імкнемся за колькасцю і не ставім мэту здымаць кліпы. Так выходзіць, што ініцыятыву выяўляюць іншыя людзі – Антось Цялежнікаў, Вера Стома, Алесь Залеўскі і Яўген Шапчыц. Таму ўся павага і лаўры – іхнія”, – кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў.

Dzieciuki сёлета ў ліку галоўных прэтэндэнтаў на атрыманне звання „Героі года” ад парталу Tuzin.fm. 12 снежня ў менскім клюбе „Піраты” выступяць з сэтам сваіх найлепшых песень.

[youtube id=”Kjp6J0blNWQ”]

tuzin.fm

Відэа belsat.eu

[manual_related_posts]