Прэзентацыя Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь



4 лютага 2021 года а 15.00 у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца прэзентацыя Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

Беларусы валодаюць багацейшай і непаўторнай кніжнай спадчынай, якая з’яўляецца вялікім скарбам нашага народа. Багатыя кнігазборы ўтрымліваюць як дзяржаўныя захавальнікі (бібліятэкі, музеі, архівы, універсітэты ды інш.), так і прыватныя ўладальнікі. Пры гэтым кніжная спадчына да нядаўняга часу была недастаткова вядомай і слаба ўлічанай, што вельмі ўскладняла яе папулярызацыю і вывучэнне.

Беларусь як суверэнная дзяржава надае вялікую ўвагу захаванню культурнай спадчыны нашага народа. З мэтай аб’яднання намаганняў грамадства для правядзення ўліку, апісання і папулярызацыі кніжных помнікаў Беларусі быў створаны Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь. Стварэнне Рэестра рэгламентуецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры і стане найважнейшай падзеяй у працы са старажытнымі і каштоўнымі кнігамі, якія зберагаюцца ў нашай краіне.

На працягу апошніх трох гадоў вялася работа па стварэнні канцэпцыі Рэестра, распрацоўцы праграмнага забеспячэння, метадычнай і тэхналагічнай дакументацыі, а таксама тэставанні створанага Рэестра. У рэжыме тэставання і вопытнай эксплуатацыі больш за 1 тысячу кніжных помнікаў ужо ўключана ў Рэестр. Сёння можна ўпэўнена сказаць, што створаны Рэестр уяўляе сабою магутную інфармацыйную сістэму, якую можна шырока абнародаваць і прыступіць да працы з Рэестрам на агульнарэспубліканскім узроўні.

Паводле прэс-рэлізу 

Фота: nlb.by