Прэзентацыя выданняў інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org у Лідзе



У Лідзе ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат.org”. На прэзентацыі прысутнічалі як мясцовыя актывісты, так і лідскія літаратары, кнігі якіх можна знайсці на старонках бібліятэкі.

unnamed3

Але большасць прысутных складалі навучэнцы Лідскага каледжа. Па словах кіраўніка праэкта Яраслава Іванюка, студэнты на прэзентацыі “Камунікат.org” – публіка хоць і спецыфічная, але вельмі патрэбная, як патэнцыйныя карыстальнікі інтэрнэт-бібліятэкі.

– Публіка арыгінальная, перад такой публікай мы прэзентацый яшчэ не праводзілі. Нам было вельмі цікава.

Кіраўніцтва інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат.org” пасля прэзентацыі наведалі таксама памятныя мясціны ў Лідзе. Такія як Лідскі замак, куток Ларысы Геніюш ў адной з бібліятэк горада, падзячны знак Канстанціну Астрожскаму, пахаванні дзеячаў Беларускай незалежніцкай партыі.

Сёння, 9 кастрычніка, пройдзе прэзентацыя Беларускай  інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат.орг” у Пінску, яна адбудзецца а 19 гадзіне ў мясцовым гатэлі “Прыпяць”. Гасцінна выступяць літаратар Павел Ляхновіч і бард Зміцер Бартосік.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * *

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org у мінулым годзе наведала з прэзентацыямі  ўсе абласныя гарады ў Беларусі і Полацак. Цяпер з прапановамі літаратурнага інтэрнэт-рэсурсу змогуць пазнаёміцца жыхары раённых цэнтраў, кажа Яраслаў Іванюк:

– Мы ўвесь час працуем над тым, каб бібліятэка пашырала свае фонды. На гэты момант у нас больш за 16 тысяч беларускіх публікацый. Гэта кнігі, часопісы, газеты, аўдыё- і відэафайлы. Займаемся адлічбоўкай архіўных нумароў беларускіх газет і часопісаў. На нашым сайце з мінулага году можна знайсці архіўныя нумары, напрыклад, часопісу “Маладосць”, які ў мінулым годзе адзначаў 60-годдзе свайго існавання.

Прэзентацыя Беларускай  інтэрнэт-бібліліятэкі Kamunikat.org адбудзецца 8 кастрычніка ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы па вуліцы Леніна.  Госцем  сустрэчы ў Лідзе будзе вядомы гарадзенскі гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч, працы якога таксама можна прачытаць на Kamunikat.org.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя