Прыгадваючы Васіля Быкава ў яго дзень. Іменем Беларусі



На Усходніх могілках сталіцы ля магілы Васіля Быкава адбылося ўскладанне кветак ды памінальная імпрэза, прысвечаная чарговым угодкам з дня народзінаў вялікага беларускага пісьменніка ды мысляра. Традыцыйна сабраліся аднадумцы ды сябры дзядзькі Васіля, як яго называлі пры жыцці. Паэт Уладзімір Някляеў, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, перакладчык і палітык Лявон Баршчэўскі, выдавец Уладзімір Сіўчыкаў. А таксама ўдава Ірына Міхайлаўна, якой былі перададзеныя новыя друкаваныя выданні апошніх аповесцей Быкава. А таксама адмыслова выпушчаны да гэтага дня мастаком Янам Жвірблем першы графічны раман паводле апавядання “Сваякі”.

Сёння Васілю Быкаву споўнілася б 93. Напярэдадні на яго радзіме ў вёсцы Бычкі адбылася 10-я цырымонія ўручэння прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Сёлета ёй быў уганараваны 36-гадовы палітык і экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч.

Падрабязней пра імпрэзу:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара