Прыйсці на вяргіні да князя Міхала



У музеі-сядзібе М. К. Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне адбыўся семінар “Біяразнастайнасць расліннасці ў сядзібе Агінскага і аграгарадку Залессе”.

Сярод дакладчыкаў былі прадстаўнікі Батанічнага сада, Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф Купрэвіча, культурна-асветніцкага фонду “Шчорсы і Храптовічы”, бізнэс-інкубатара ў Камарова і іншыя аўтарытэтныя асобы.

Намесніца дырэктара музея-сядзібы Святлана Кенько праанансавала на адкрыцці семінара цікавую падзею – фестываль “На вяргіні да Міхала”, прымеркаваны да дня народзінаў кампазітара М. К. Агінскага, які штогод адзначаецца ў Залессі 25 верасня. Ёсць меркаванне, што ў часы Агінскага вяргіні былі папулярныя ў ваколіцах маёнтка, а ў ім самім расло не менш 19 відаў гэтых прыгожых кветак. Музейшчыкі спадзяюцца, што фестываль стане папулярным і будзе яшчэ адным вядомым брэндам Залесся.

Мястэчкі Заходняй Беларусі здаўна вядомыя сваімі прыгожымі кветнікамі. З’явілася яшчэ адна нагода звязаць гісторыю з сучаснасцю і адчуць кветкавы водар, настоены на гуках паланэзаў, завітаўшы ўвосень на вяргіні да Міхала.

Дар’я Ліс, Смаргонскі раён  

Фота oginskizalesse.by