«Радзіва Прудок» ад украінскага рэжысёра – у Менску пакажуць «Гэтамы»



29 красавіка ў культурным цэнтры «Корпус» адбудзецца паказ спектакля «Гэтамы» па кнізе Андрэя Горвата «Радзіва Прудок». Новую пастаноўку здзейсніў украінскі рэжысёр, мастацкі кіраўнік Кіеўскага тэатра на левым беразе Дняпра Стас Жыркоў, у ралях – малады дрым-цім з розных менскіх тэатраў.

Мастак афішы: Ульяна Бень

«Радзіва Прудок» Андрэя Горвата – адзін з галоўных беларускіх літаратурных бестсэлераў апошніх гадоў. Ён распавядае пра самаго аўтара, які калісьці працаваў у Менску, але расчараваўшыся ў сталічным жыцці пераехаў на палескую вёску Прудок, каб аднавіць дом свайго дзеда, вярнуцца да сваіх каранёў.

Праца над спектаклем «Гэтамы» распачалася ўвосень 2018 на майстар-класе з межах Міжнароднай тэатральнай акадэміі ў Мюнхене, арганізаванай саюзам моладзі ў Германіі JunOste.V. У спектаклі занятыя беларускія акторы: Андрэй Новік, Дар’я Новік, Зміцер Давідовіч, Мікалай Стонька, Васіль Бойдак, Антон Жукаў, Ілля Ясінскі.

Стас Жыркоў, Заслужаны артыст Украіны, рэжысёр: «Я пазнаёміўся з творчасцю Андруся Горвата, калі патрапіў на спектакль «Радзіва Прудок» у Мінску. Тады ж мне падарылі гэту кнігу са словамі: «Гэта табе, Стас, ад беларускай інтэлігенцыі». А ўжо летам павінен быў выкладаць майстар-клас па сучаснаму драматычнаму тэатру ў рамках тэатральнай акадэміі ў Мюнхене. Калі я даведаўся, што да мяне на курс запісаліся ўсе беларусы – вырашыў: што ж ставіць з беларусамі, калі не «Радзіва Прудок»! Мы знайшлі агульныя кропкі судакранання, тое, што аб’ядноўвала і было блізка акцёрам, што хвалявала менавіта іх – уласна з гэтага і нарадзіўся спектакль «Гэтамы». Гісторыя, якая калі не знаёмая кожнаму, то дакладна цікавая і захапляльная, дзякуючы сваёй адкрытасці і шчырасці перажываемых пачуццяў і сітуацый».

Беларуская прем’ера спектакля «Гэтамы» адбылася напрыканцы сакавіка на фестывалі «Март кантакт» у Магілёве. Тады ж адбыўся першы паказ «для сваіх» у  Мінску, які быў прарадзены ў аншлаг па сутнасці без рэкламы. Цяпер будзе адразу два паказы ў адзін дзень.

Варта падкрэсліць, што «Гэтамы» – гэта ІНШАЕ прачытанне кнігі «Радзіва Прудок». Больш эмацыйнае і дынамічнае – ажно да крыку. І больш акцэнтаванае на тое, што Горват і яго героі – гэта ўсе мы.

Аляксей Стрэльнікаў, тэатральны крытык: «Стас Жыркоў вельмі добра праце найперш з формай. У чытанні тэкста ён ідзе ад рытму гучання дыялогаў, дзесьці нават занадта ўзвінчваючы тэкст, а дзесьці яшчэ – быццам бы адпускаючы гледача на лірычнай ноце. Акторы гоняць наперад-наперад, не даваючы гледачу ані перадыхнуць, ані папляскаць у далоні. І нечакана ў гэтай гонцы, быцца ў хуткай змене кадраў у кіно, пачынае вымалёўвацца нешта неўлоўнае пра Горвата, пра што мы ўсе гаворым-гаворым, але, мне здаецца, пакуль не сфармулявалі да канца».

Дар’я Пятровіч, тэатрал: «Калі вам патрэбны энергетык для хуткага зараду бадзёрасці, «Гэтамы» – тое, што вам дакладна дапаможа. Вас будзе кідаць з крайнасці ў крайнасць. Толькі што смяяліся ўслых, а праз імгненне плачаце. Такія рэзкія пераходы не даюць вам выпасць з дзеі і канцэнтруюць вас на максімуме. Пасля звышхуткасных 57 хвілін хочацца абдымацца і рухаць горы».

Незалежны театральны праект «ГЭТАМЫ»

29 красавіка Культ. цэнтр «Корпус» (Машэрава, 9 к.8) – 18.00 і 20.30

Квіткі: 15 BYN на Bezkassira.by

Паводле прэс-рэлізу

Фота: Яўгенія Алефірэнка