Раней за Скарыну ўніверсітэты закончылі 4 чалавекі з Лідчыны



Пра гэта чытачы даведаюцца з новага нумару часопіса “Лідскі летапісец”, які, хоць са спазненнем, але выйшаў з друку. І ў ім, як заўсёды шмат цікавых, новых і арыгінальных матэрыялаў, звязаных з гісторыяй Лідчыны і лёсам яе людзей.

Найперш прыцягваюць увагу даследчыя артыкулы гісторыка, краязнаўца і пісьменніка Леаніда Лаўрэша. Гэта артыкулы прысвечаныя лепшаму лідскаму гісторыку ХХ стагоддзя Міхалу Шымялевічу, пра род Клаўсуцяў з Лідчыны, пра Бальтазара Калясінскага, Аніцэта Рэпіера і Каятана Дарашкевіча. Менавіта ў матэрыяле “Ваверка і род Клаўсуцяў на Лідчыне” Леанід Лаўрэш распавядае пра асобаў з мястэчка Вавёрка, якія раней за Францішка Скарыну атрымалі вышэйшыя адукацыі ў Еўропе. Гэта Алехна Дыль, Вацлаў Клаўсуць, Мікалай Міхнавіч і Ян Клаўсуць. Усе яны былі з Вавёркі.

“Лідскі летапісец” на сваіх старонках падвёў вынікі 14-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне, апублікаваў інфармацыю пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Лідчыны ў 2020 годзе, апублікаваў працяг артыкула Валерыя Сліўкіна пра маёнтак Дворышча ў 1870-1915 гадах, успаміны Альжбеты Табенскай “З долі і няволі” і шмат іншых цікавых матэрыялаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя