Рарытэты музеяў Дзісненшчыны



У Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі запрацавала выстава рарытэтаў. Экспанаты, якія рэдка выстаўляліся для шырокага паказу, прадстаўленыя чатырма музеямі. Паводле супрацоўніцы музея ў Глыбокім Алены Мядзелец, падобная выстава ладзіцца тут упершыню і прымеркаваная да 20-годдзя існавання глыбоцкай музейнай установы:

– Вось такія брэндавыя прадметы, якія былі б цікавыя людзям, мы прадставілі ў гэтай выставачнай зале на гэтых чатырох вітрынах. Рабочая назва нашай выставы была “Топ-10 лепшых музейных прадметаў музеяў Дзісненшчыны”. Але калі мы паехалі ў камандзіроўкі ў адзін музей, другі, то пабачылі, што ёсць больш за 10 цікавых прадметаў, якія б характарызавалі этнаграфічныя асаблівасці рэгіёна, былі б характэрныя менавіта для Дзісненшчыны.

Выстава “Рарытэты музеяў Дзісненшчыны”  працуе ў Глыбокім да канца сакавіка. А потым паедзе ў Браслаў, Мёры і Германавічы. Паглядзець экспазіцыю рарытэтаў з фондаў чатырох музеяў можна штодня з 8.00 да 18.00.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі