Раство ў грэка-католікаў Воршы: святочная служба і выступ ансамбля



Грэка-католікі Воршы адзначылі Раство Хрыстова. Святочная служба, якая адбылася ў нядзелю, 25-га студзеня, сабрала некалькі дзясяткаў людзей. Пасля святочнай службы вернікаў чакаў выступ ансамбля “Крынічанька”.

dsc02720

На свята ў Воршу прыехалі і некалькі парафіянаў з Віцебску. Адна з госцяў – спадарыня Наталля – распавяла, што для яе значыць святкаванне Раства.

– Для мяне Раство – гэта свята, калі найбольш адчуваеш Божую прысутнасць. Бог найбольш блізкі, бо вось ён стаў дзіцяткам, каб наблізіцца да нас. Ён прыняў цела чалавека, ўвайшоў у нашае жыццё і паказаў сваю бясконцую любоў. Гэтае свята ўсцешвае і дае вялікую надзею.

Святочную службу для аршанскіх вернікаў грэка-католікаў правёў святар Аляксей Варанко. Айцец Аляксей адзначыў, што на Раство ў храме традыцыйна з’яўляюцца новыя вернікі, якія ўпершыню прыходзяць туды, і для многіх людзей свята Раства Хрыстовага – гэта пачатак шляху да навяртання.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

Фота аўтара