Рэдактар Круглянскай раёнкі не хоча друкаваць мясцовых паэтаў



Некалі пры круглянскай раённай газеце “Сельскае жыццё” актыўна дзейнічала літаратурнае аб’яднанне “Друцкія зарніцы”. Кіраваў літаб’яднаннем і рыхтаваў штомесячныя літаратурныя старонкі ў раённай газеце яе рэдактар Юрый Бехцераў.

Цяпер у Круглым гэтага няма. Сённяшні рэдактар раёнкі Аляксандр Паўлаў і слухаць не жадае пра літаратурныя старонкі. Некалькі гадоў яны ўжо не з’яўляюцца на старонках адзінай мясцовай газеты. Няма ў Круглым і раённага радыё, а пра тэлебачанне і гутаркі быць не можа.

А творчых людзей на Кругляншчыне хапае, але вынесці на суд сваіх землякоў творы яны нідзе не могуць. Тым больш, што моладзь з Кругляншчыны выязджае, а ў асноўным жывуць людзі сярэдняга і пенсійнага ўзростаў, якія яшчэ выпісваюць і чытаюць мясцовую раёнку.

Некалькі разоў прыносіў свае творы, прысвечаныя Кругляншчыне, мясцовы паэт Віктар Бяляцкі. “Але рэдактар не хоча друкаваць, а ў апошні час, наогул, ён нас, літаратараў, пазбягае. А на Кругляншчыне жывуць цікавыя творчыя людзі, гэта і Уладзімір Цішуроў, і Зінаіда Мялешчанка, і шмат яшчэ. У нашым захуталым Круглым зусім нічога няма, няхай хоць было б літаратурнае аб’яднанне, каб людзі збіраліся хоць раз у месяц, пагутарылі б, прачыталі б свае творы, расказалі б штось цікавае і новае, але гэтага няма. Напрыклад, у Бялыніцкай, Талачынскай раённых газетах творы мясцовых літаратараў пастаянна друкуюцца, а ў Круглым – не”, — сказаў паэт Віктар Бяляцкі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Круглянскі раён