Рок-фэстам „Узаемна!” адзначылі ў Менску дзень народзінаў Каліноўскага



Рок-фэст „Узаемна!” з нагоды дня народзінаў Кастуся Каліноўскага 2-га лютага прайшоў у менскім клубе “Re:public”. У ім прынялі ўдзел вядомыя беларускія гурты – “Стары Ольса”, “PAWA”, “ZNICH”, Раман Арлоў і “У НЕСКЛАДОВАЕ”.

А дзякуючы Польскаму Інстытуту ў Менску стаў магчымым прыезд польскага гурта “Żywiołak”:

– Гэта для нас фантастычная магчымасць сустрэцца з беларускімі калектывамі. І ўвогуле пазнаць тут людзей. І калі мы даведаліся, што можам прыехаць, гэта была для нас фантастычная магчымасць. Бо не кожны дзень можам зайграць тут канцэрт.

Хэдлайнерамі выступілі гарадзенскія Dzieciuki. Яго вакаліст і гітарыст Алесь Дзянісаў лічыць, што першы канцэрт, прысвечаны дню народзінаў Кастуся Каліноўскага, стаў мачымым у тым ліку дзякуючы таму, што адбылося яго ўрачыстае перапахаванне.

– Гэта проста фантастычная падзея, тое, што менавіта на наша жыццё, на нашыя часы прыпала, што знайшлі гэтыя парэшткі, якія доўга хавалі, засыпалі іх вапнай, каб ніхто ніколі не даведаўся. Але нарэшце ўсе даведаліся, дзе паўстанцы пахаваныя. І нейкі нацыянальна-адраджэнскі пад’ём зараз ёсць у Беларусі. І гэта файна. Галоўнае, каб гэта не суседнічала з нейкім шавінізмам.

Як распавёў арганізатар “Узаемна” Віталь Cупрановіч, у наступным годзе плануецца паўтор фэста, але ў змененым фармаце: фэст у гонар дня народзінаў Кастуся Каліноўскага пройдзе ў бардаўскім стылі, а ўжо у стылі рок-фэст будзе прысвечаны Тадэвушу Касцюшку, які нарадзіўся чацвёртага лютага.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя