Руплівец беларускай даўніны



Да 170-годдзя з дня нараджэння Аляксея Сапунова і да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

11 сакавіка 2021 г. у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца адкрыццё выставы «Руплівец беларускай даўніны», прымеркаванай да 170-годдзя з дня нараджэння гісторыка, археографа, краязнаўца Аляксея Парфёнавіча Сапунова.

Выстава арганізавана сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Ураджэнец Віцебшчыны Аляксей Сапуноў (1851–1924) адзін з самых апантаных і руплівых даследчыкаў роднага краю. Ён упершыню выявіў, апісаў, пераклаў, выдаў вялікі пласт першакрыніц айчыннай гісторыі. Аўтар амаль 60 кніг і брашур, шматлікіх артыкулаў, энцыклапедычных даведак. Яго грунтоўная праца «Віцебская даўніна» дагэтуль застаецца запатрабаванай фундаментальнай крыніцай па гісторыі Паўночнай Беларусі. Аляксей Сапуноў – адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і іншых навуковых інстытуцый. Сабраў унікальную бібліятэку. Асобнікі з яго кнігазбору ў 1923 г. паступілі ў фонд Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Выстава «Руплівец беларускай даўніны» створана на ўнікальных матэрыялах з асабістага архіва і бібліятэкі Аляксея Сапунова. Сярод іх біяграфічныя дакументы, гімназічныя і студэнцкія сшыткі, перапіска з даследчыкамі. Прадстаўлены рукапісы, літаграфіі, планы, факсіміле дакументаў да легендарнай «Віцебскай даўніны» і іншых прац. Сапраўдны рарытэт у экспазіцыі − рукапісная праца «Гісторыя г. Віцебска», якая, на жаль, так і не была выдадзена.

На выставе ўпершыню шырока будзе прадстаўлена калекцыя кніг з бібліятэкі віцебскага рупліўца. Выданні, пазначаныя адметным уладальніцкім подпісам і адмысловай ціснёнай пячаткай. Адзін з раздзелаў выставы раскрые гісторыю паступлення выданняў з кнігазбору Аляксея Сапунова ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі. Найбольш каштоўны з атрыманых тады кніжных помнікаў стане галоўнай інтрыгай выстаўкі.

Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 11 сакавіка а 16 гадзіне 2021 г. у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх)

Выстаўка будзе працаваць у Музеі кнігі да 2 траўня 2021 г. Уваход на ўрачыстае адкрыццё − вольны.