Руплівец вывучэння спадчыны Францішка Скарыны



Беларускі навуковец, грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі Янка Садоўскі нарадзіўся 15 ліпеня 1926 года ў вёсцы Залужжа Стаўпецкага павету. У 1933-39 гадах вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, а пасля, да 1942 года – у сярэдняй школе мястэчка Мір. У 1942-44 гг. вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У час нямецкай акупацыі  браў удзел у нацыянальна-культурным руху на Стаўпеччыне. Ваяваў у Францыі ў 30-й беларускай грэнадэрскай дывізіі, а з лютага 1945-га – у 2-ім Польскім корпусе, разам з якім пасля вайны апынуўся ў Вялікабрытаніі.

З 8 снежня 1946 г. жыў у Вялікабрытаніі, да траўня 1947 г. служыў у Польскім перасяленчым корпусе. Пазней працаваў у Камісіі лясной гаспадаркі, Нацыянальнай вугальнай радзе. Быў сябрам ЗБВБ. У 1948 г. прыняты кандыдатам у ордэн марыянаў. У 1949 г., здаўшы іспыты на атэстат сталасці пры Лонданскім універсітэце, з блаславення а. Часлава Сіповіча выехаў у Рым, дзе пасля навіцыяту пачаў рыхтавацца да святарства. У 1950-52 гг. вучыўся ў Папскім інстытуце «Ангелікум» у Рыме, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі. У 1952-56 гг. студыяваў тэалогію ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. У 1953 г. выйшаў з марыянскага ордэна і з дапамогай біскупа Баляслава Слосканса пачаў навучанне ў Французскай калегіі ў Рыме. 17 снежня 1955 г. Атрымаў сан святара і далей працягнуў навучанне. У 1956-58 гг. вучыўся ў Папскім біблейскім інстытуце, па сканчэнні якога меў ліцэнцыят у Святым Пісанні. Адначасна ў 1956-60 гг. вучыўся ў Рымскім універсітэце, спецыялізаваўся на вывучэнні гісторыі ўсходнеславянскіх моваў і зацікавіўся жыццём і дзейнасцю Францыска Скарыны. Менавіта Садоўскі знайшоў у архіве Падовы новыя дакументы, згодна з якімі можна было меркаваць, што паміж 1506 і 1512 гг. наш першадрукар быў сакратаром дацкага караля.

У 1961 г. на загад а. Часлава Сіповіча вярнуўся ў Лондан дапамагаць у працы Беларускай каталіцкай місіі і кіраваць інтэрнатам Св. Кірылы. Аднак праз два месяцы працы ў інтэрнаце адмовіўся ад святарства і сышоў з Беларускага цэнтру. Ажаніўся, працаваў школьным настаўнікам рускай мовы. Абараніў дысертацыю і атрымаў ступень доктара літаратуры ў славяназнаўстве (1964), а потым стаў доктарам філасофіі з яшчэ адной працай, прысвечанай Скарыну ў Лонданскім універсітэце (1967).

У 1968 г. выехаў спачатку ў ЗША і выкладаў у Чыкагскім універсітэце, а потым пераехаў у Канаду. Выкладаў рускую мову і літаратуру ў Куінскім універсітэце (Антарыё). Быў сябрам Згуртавання беларусаў Канады. У 1969-72 гг. – старшыня БІНіМу ў Канадзе. Займаўся даследаваннем беларускай літаратуры XIX стагоддзя, уплыву беларускай культуры на расійскую ў XVI-XVII стагоддзях, пісаў пра Рыгора Крушыну, Васіля Быкава, рабіў англамоўныя агляды беларускіх публікацый для «The Year’s Work in Modern Languages Studies». Збіраў беларускія экспанаты для канадыйскага Музея чалавека. У 1971 г. зладзіў першую канферэнцыю беларусаведы ў Кінгстанскім Куінс-універсітэце. З 1973 г. працаваў над даследаваннем па гісторыі беларусаў Канады. Сабраў вялікую колькасць матэрыялаў, запісваў інтэрв’ю. Усё сабранае захоўваецца ў фондзе гісторыка ў Архіве Канады ў Атаве. У 1982 г. Апублікаваў манаграфію «The History of the Byelorussians in Canada». Засталася нявыдадзенай ягоная манаграфія пад назвай «Доктар Францішак Скарына: Жыццё, працы і мова».

Памёр Янка Садоўскі ад сардэчнага прыступу 10 чэрвеня 1982 года ў Кінгстане (Антарыё, Канада).

Беларускае Радыё Рацыя