Руслан Вашкевіч прадставіў свой погляд на мастацтва



У Гародні ў прасторы “Цэнтр гарадскога жыцця” адбылася адкрытая лекцыя сучаснага беларускага мастака Руслана Вашкевіча, вядомага ў Беларусі сваімі скандальнымі працамі.

На ягоную думку, мастакі ў Беларусі не гатовыя да выклікаў часу, і яго лекцыя – гэта план да дзеянняў:

– Гэта кіраўніцтва да дзеяння, схема па рэалізацыі ўласнага праекта. Гэта атрымалася зрабіць максімальна канструктыўна. Аддзяліць каркас, шкілет уласнай канструкцыі ад мышачнай масы ці сваіх мудрагельстваў. Усё ж такі трэба агаліць апорна-рухальную сістэму. Гэта зараз вельмі важна для ўсіх нас. Мастакі чамусьці сталі інертнымі і не вельмі актыўнымі, нават у параўнанні з гледачамі.

На думку гарадзенскай мастачкі Вікторыі Ільіной, сустрэча з Русланам Вашкевічам – вельмі патрэбна была гарадзенцам:

– Вельмі паважаю гэтага мастака. Ён у нас адзін з самых знакамітых у Беларусі ў сэнсе таго, што ён канцэптуальны мастак. У яго ёсць ужо свой імідж. Ён галоўны хуліган беларускага мастацтва. Я вельмі ўдзячная цэнтру, што яны гэта арганізоўваюць. Тут сапраўды вельмі цікава.

На сустрэчы Руслан Вашкевіч пазнаёміў прысутных са сваімі творчымі праектамі, што адбываліся за апошнія 10 год, а таксама запрасіў усіх далучацца да новага праекта, з якім магчыма пазнаёміцца на платформе Талака.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня