Саламон Юдовін у Полацку



У Мастацкай галерэі Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрылася выстава з фонду Віцебскага абласнога краязнаўчага музея «Саламон Юдовін. Віцебская мастацкая школа». На выставе прадстаўлены ксілаграфіі і лінагравюры мастака 1920 – 1936 гг., а таксама аўтарскія гравіравальны дошкі і яго працоўныя прылады гравёра.

Саламон Юдовін (1892-1954) нарадзіўся ў мястэчку Бешанковічы на Віцебшчыне, у шматдзетнай сям’і ўладальніка дробнай бакалейнай крамы. З 1906 па 1910 гг. навучаўся ў студыі Ю.Пэна. У 1910 – 1914 гг. вучыўся ў мастацкай школе Таварыства заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу, адначасова займаючыся ў майстэрнях вядомых мастакоў М.Берштэйна і М.Дабужынскага.

У 1920-х гг. С.Юдовін стаяў ля вытокаў адраджэння ксілаграфіі на тэрыторыі Беларусі. У віцебскім Мастацкім музеі знаходзіцца каля 300 прац гэтага мастака. На полацкай выставе паказана толькі частка гэтай калекцыі.

Выстава будзе доўжыцца да 15 сакавіка 2015 года.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік